Вярхоўны суд не адмяніў смяротныя прысуды "чорным рыэлтарам" з Магілёва
Вярхоўны суд Беларусі не адмяніў смяротныя прысуды "чорным рыэлтарам" з Магілёва. Падлягаюць расстрэлу Ігар Гершанкоў і Сямён Беражны. Жонка Гершанкова Таццяна была асуджаная на 24 гады зняволення, Барыс Калеснікаў — на 22 гады. Прысуд па іх справе ў ліпені вынес Магілёўскі абласны суд. Згаданыя асобы былі прызнаныя вінаватымі ў забойстве 6 чалавек, у падрыхтоўцы забойства яшчэ 6-ці, у выкраданні чалавека, махлярстве, вымагальніцтве і нават незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. "Чорныя рыэлтары" завалодвалі кватэрамі людзей, якія злоўжывалі алкаголем, а пасля пазбаўляліся ад іх — забівалі і закопвалі на вясковых могілках.
Вярхоўны суд разглядаў апеляцыю. Абвінавачваныя адмаўлялі, што забівалі людзей, скардзіліся на ціск следства. Аднак трое суддзяў пад старшынствам Аляксея Рыбакова вырашылі, што прысуд не будзе зменены. Як піша партал tut.by, Таццяна Гершанкова, пачуўшы вердыкт, заплакала. Іншыя асуджаныя ніяк не адрэагавалі. Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога цяпер можа памілаваць толькі кіраўнік дзяржавы.