Вясковец выйграў суд супраць міліцыі, але кампенсацыі не атрымаў
Рашэнне адмовіць у кампенсацыі выдаткаў на адваката і дзяржпошліну прыняў Бялыніцкі суд.
Валерый Вусік хацеў спагнаць з Бялыніцкага РАУС 2 мільёны 200 тысяч рублёў. Акрамя таго вясковец прасіў праіндэксаваць суму ў сувязі з пастаянным ростам коштаў. Распавядае Валерый Вусік:
“Я падаў заяву ў суд, каб мне кампенсавалі паслугі адваката і вярнулі дзяржаўную пошліну. Выйшаў новы закон, адпаведна з якім, калі я выйграю суд, то мне павінны кампенсавацца гэтыя выдаткі. Аднак і пракурор, і суддзя мне адмовілі ў гэтым у катэгарычнай форме. Сказалі, што закон “сыры”, недапрацаваны і на практыцы такі прэцэдэнт створаны ўпершыню, таму яны вырашылі мне адмовіць. Я лічу, што з мяне незаконна ўтрымалі сродкі. Таму буду кансультавацца з адвакатам, што мне рабіць далей”.
Вясковец адзначае, што ва ўсялякім разе збіраецца абскарджваць незаконнае, на яго думку, рашэнне раённага суда ў Магілёўскім абласным судзе. Справу каментуе праваабаронца Барыс Бухель:
“Суддзя адзначыла, што вярнуць дзяржаўную пошліну можна і без суда – трэба пісаць адпаведна з падатковым кодэксам заяву, аднак мы хацелі зрабіць індэксацыю гэтай пошліны, у чым нам было адмоўлена. А вось па аплаце выдаткаў на адваката аказалася, што няма механізму кампенсацыі сродкаў. Я пачаў спрачацца, як гэта так, у працэсуальна-выканаўчы кодэкс унеслі змены, і з’явілася магчымасць кампенсаваць выдаткі на адваката, а механізму няма дагэтуль. Суддзі прызналі, што такі суд адбываецца на Магілёўшчыне ўпершыню. Зараз будзем пісаць касацыю. Я быў шакаваны тым, наколькі недарэчныя прымаюцца законы, якія немагчыма рэалізаваць на практыцы”.
Праваабаронца кажа, што ён з падобнымі судамі яшчэ не сутыкаўся і яму не вядомыя вынікі падобных рашэнняў у Беларусі. Ён падазрае, што падобная справа разглядалася ўпершыню не толькі на Магілёўшчыне, але і ў краіне ў цэлым.
Нагадаем, што 16 верасня суддзя Бялыніцкага раённага суда Аксана Загорская пастанавіла спыніць справу ў дачыненні да Валерыя Вусіка, адхіліўшы пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, складзеныя міліцыянтамі яшчэ ў лютым гэтага года. Паводле іх Валерый Вусік здзейсніў паклёп на былога старшыню СВК “Лебядзянка” Пятра Бялова ў змешчаным у газеце “Магілёўскі Выбар”, а таксама на інтэрнэт-сайце Zapraudu.info артыкуле “Што змянілася за апошнія некалькі гадоў у СВК “Лебедзянка”. Таксама Вусіка абвінавачвалі ў парушэнні артыкула 17 Закона “Аб СМІ” пры распаўсюдзе газеты “Магілёўскі Выбар”.
Па выніках разгляду гэтай адміністрацыйнай справы Валерый Вусік і падаў пазоў аб кампенсацыі панесеных выдаткаў.
Спецыяльна для праграмы Кардыяграма