Выбары, грошы, бяспека — віртуальная Беларусь з рэальнымі грамадзянамі

Беларусы на маршы / Еўрарадыё
Беларусы на маршы / Еўрарадыё

Ці здольная лічбавая Беларусь выконваць функцыі калі не цэлай дзяржавы, то хаця б пэўных дзяржаўных структур і ўстаноў? З такім пытаннем Еўрарадыё звярнулася да ІТ-прадпрымальніка і аднаго з распрацоўшчыкаў платформы Digital Belarus Яраслава Ліхачэўскага.

Даўно анансаваны праект, дзе могуць гуртавацца беларусы — як тыя, хто з’ехаў, так і тыя, хто застаўся ў краіне — працуе ўжо тыдзень. Лічбавая платформа дае магчымасць карыстальнікам прымаць супольныя рашэнні, удзельнічаць у культурным, сацыяльным і нават палітычным жыцці.

Ці будзе працаваць фінансавая сістэма? Як пройдуць выбары? Што наконт бяспекі? Пра ўсё гэта Яраслаў Ліхачэўскі распавядае ў нашым інтэрв’ю.

Выбары, грошы, бяспека — віртуальная Беларусь з рэальнымі грамадзянамі
Яраслаў Ліхачэўскі / Архіў

Банкаўская сістэма з кашальком, магчымасць пакупкі крыптавалюты

Мы дакладна створым фінансавую сістэму, якраз працуем над гэтым. У нас ёсць два трэкі, па якіх мы рухаемся. Адзін — са звычайнымі класічнымі банкамі. Паспрабуем стварыць нешта тыпу “Рэвалюта” [лічбавы банкінг, які прапануе адсутнасць дадатковых плацяжоў за замежныя пераводы і сістэму зберажэнняў. — прым. Еўрарадыё]. Мы разумеем, што перш-найперш ён патрэбны для беларусаў унутры краіны, бо беларусы звонку могуць карыстацца звычайнымі банкамі. Для іх ніякіх абмежаванняў няма.

Праз трэк, які будзе працаваць унутры Беларусі, карыстальнікі атрымаюць магчымасць рабіць плацяжы за мяжу. Такім чынам ён звяжа эканамічна і фінансава беларусаў унутры і звонку.

Іншы трэк — непасрэдна з крыптавалютамі. Я, шчыра кажучы, веру ў яго больш, чым у першы. Мы створым сістэму, праз якую можна будзе рабіць плацяжы з дапамогай крыптавалют. Наколькі магчыма, спросцім куплю і продаж крыптавалюты ўнутры краіны, каб можна было абмяняць яе на яшчэ патрэбныя беларускія рублі, бо мы разумеем, што за крыптавалюту ў краму не сходзіш, камуналку не заплоціш.


Нацыянальная беларуская валюта Taller?

Мы не маем правоў прымаць рашэнні наконт стварэння ўласнай валюты. Я хачу гэта падкрэсцліць. Мы бярэм на сябе задачу стварэння тэхнічнай інфраструктуры. Будзем выкарыстоўваць для гэтага існуючыя валюты, якім давяраем.

Біткоін — найлепшы інструмент для плацяжоў на сёння. Але мы памятаем, што яго курс моцна скача то ўніз, то ўверх, таму пакуль мы не можам захоўваць грошы ў біткоінах.

Для захоўвання грошай мы будзем выкарыстоўваць стэйблкоін. Ёсць такая валюта USTC. 1 USTC заўсёды роўны аднаму амерыканскаму долару. Нам падаецца, што беларусы звыкліся да працы з доларамі цягам апошніх 30 год, таму гэта не выкліча нейкіх праблемаў.

Рашэнне наконт стварэння нацыянальнай валюты мусяць прымаць беларусы праз нейкія дэмакратычныя інстытуты і дэмакратычныя інструменты. 

Выбары, грошы, бяспека — віртуальная Беларусь з рэальнымі грамадзянамі
Няма чаго дадаць / Еўрарадыё

Мы не можам проста так сказаць: “Гэй, давайце створым сваю нацыянальную валюту і назавем яе Taller”. Трэба разумець, што працэс стварэння — гэта прыняцце на сябе рызыкаў, манетарнай палітыкі і яшчэ дасканалае разуменне наступстваў, якія за гэтым пацягнуцца.

Маё меркаванне такое: да таго, як дойдзем да пытання нацыянальнай валюты, мы павінны стварыць дэмакратычныя інстытуты — нешта кшталту ўласнага нацыянальнага банку. Каб усё запрацавала, трэба каб беларусы пагадзіліся ўдзельнічаць у гэтым фінансава — праводзіць свае разлікі праз нацыянальную валюту і гэтак далей.

Гэта цалкам магчыма ў будучыні, але шлях далёкі, і я б пакуль туды не заглядваў. Я не думаю, што гэта можа здарыцца ў бліжэйшыя тры гады — вось такі гарызонт планавання, які мы на сёння маем.


Галасаванне і боты ўнутры платформы

Па-першае, мы будзем выкарыстоўваць оўпэнсорс-рашэнні. Гэта значыць, што код для часткі галасавання будзе адкрыты. Кожны, хто разбіраецца, як напісаны код, можа зайсці, праверыць і быць упэўнены у тым, што ніякіх маніпуляцый з галасаваннем немагчыма. Нават калі нехта ў гэтым не разбіраецца, можа знайсці знаёмага, якому вы давяраеце і які зможа зрабіць аўдыт гэтага коду, расказаць вам, што ўсё з ім ок.

Акрамя гэтага, перад тым, як у нас з’явіцца сістэма галасавання, мы аптымізуем сістэму лічбавых ID. Гэта значыць, што любы чалавек, які будзе дапушчаны да галасавання, папярэдне пройдзе аўтэнтыфікацыю і верыфікацыю. Мы будзем ведаць, што гэты чалавек — беларус, у яго ёсць сапраўдныя дакументы з рэальнага свету (пашпарт альбо пасведчанне кіроўцы) і ў нас будзе прынцып: адзін чалавек — адзін голас.

Зразумела, што гэта будуць галасы беларусаў. Ніякія боты туды патрапіць не змогуць. Толькі сапраўдныя людзі, якія існуюць у фізічным свеце і якія валодаюць фізічнымі дакументамі. Акурат як вы прыходзіце на галасаванне на выбарчыя ўчасткі, вы мусіце прыйсці асабіста з пашпартам, каб атрымаць бюлетэнь.

У нас будзе падобная сістэма. Трэба будзе паказаць пашпарт, мы зразумеем, што чалавек рэальны, ён атрымае свой індывідуальны нумар, з якім зможа ўдзельнічаць у галасаванні і магчымых выбарах у будучыні.


Балючае пытанне бяспекі

Мы добра ўсведамляем сітуацыю ўнутры краіны. Рэжым, які сёння ёсць, калі не акупацыйны, дык вельмі блізкі да акупацыйнага. Праводзячы паралелі з мінулым, мы разумеем, што беларусы, якія знаходзяцца ўнутры краіны, імкнуцца да свабоды і не пагаджаюцца хадзіць строем пад лукашэнкаўскую дудку, могуць падвяргацца рэпрэсіям і праз выкарыстанне лічбавых прадуктаў таксама. Таму наш першы прыярытэт быў стварыць такую платформу, якая была б максімальна бяспечнай.

Па-першае, мы не збіраем і ніколі не будзем збіраць персанальных дадзеных. Нават калі я казаў, што трэба будзе паказваць пашпарты, яны будуць паказвацца не нам, а сэрвісу, які адмыслова гэтым займаецца і знаходзіцца або ў краіне ЕС, або ў Велікабрытаніі, або ў ЗША. Ён мае ўсю сертыфікацыю і прафесіюную абарону дадзеных. Для спецыялістаў гэтых краін бяспека — вельмі сур’ёзнае пытанне, над якім яны працуюць некалькі дзесяцігоддзяў.

Там, дзе персанальныя дадзеныя непатрэбныя, яны ніколі не будуць збірацца ўвогуле. Гэта значыць, што ў нас не будзе ніякай цэнтральнай базы дадзеных карыстальнікаў платформы, якую можна ўзламаць, як, напрыклад, кіберпартызаны ўзламалі базу дадзеных беларускіх пашпартоў. Сістэма пабудаваная зусім іншым чынам. Немагчыма будзе ўзламаць сервер і сцягнуць адтуль усе дадзеныя, і паглядзець, хто і што рабіў. То бок на баку платформы ў нас будзе цалкам бяспечна. Калі верагоднасць узлому і ёсць, сёння мы робім усё, каб яна набліжалася да нулявога ўзроўню. 

Выбары, грошы, бяспека — віртуальная Беларусь з рэальнымі грамадзянамі
Затрыманні ў Беларусі / Еўрарадыё

Што тычыцца фізічнай бяспекі, мы разумеем, што чалавека могуць схапіць на вуліцы, адабраць тэлефон і знайсці падпіскі на тэлеграм-каналы. Гэта рызыка, з якой мы будзем вымушаны працаваць.

Пакуль нас не абвесцілі экстрымістамі, прыкладаннем яшчэ можна карыстацца, але пасля таго, як гэта здарыцца, у нас будуць іншыя формы ўзаемадзеяння з карыстальнікамі ўнутры краіны. Будзем яшчэ больш падвышаць бяспеку. Будзем рэгулярна нагадваць пра яе, публікуючы адукацыйныя матэрыялы.

Мы разумеем, што мы так ці інакш унутры краіны жывем у нейкім падполіі, бо не можам адкрыта казаць пра тое, аб чым думаем, адкрыта падтрымліваць дэмакратыю і свабоду беларусаў. Таму і дзейнічаць трэба будзе крыху падпольна і мы яшчэ патлумачым, як гэта рабіць. Будзем вельмі-вельмі прасіць беларусаў унутры краіны і тых, хто наведвае Беларусь, клапаціцца пра сваю бяспеку і выконваць увесь пратакол, каб не падвышаць свае рызыкі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі