Выбары ў Грузіі і палітвязень Саакашвілі: што адбылося

Выбары ў Грузіі 2 кастрычніка 2021 года / Reuters
Выбары ў Грузіі 2 кастрычніка 2021 года / Reuters

Што трэба ведаць пра выбары ў Грузіі

У Грузіі скончыліся выбары ў органы мясцовага самакіравання, ЦВК падлічыла галасы. Як ні парадаксальна, пераможцамі сябе лічаць абодва бакі — і ўлада, і апазіцыя. Першыя радуюцца таму, што лідзіруюць: кіраўнічая партыя "Грузінская мара" атрымала 46,7 адсотка галасоў. Іх галоўныя сапернікі на гэтых выбарах — "Адзіны нацыянальны рух" Міхаіла Саакашвілі і партыя Георгія Гахарыя, які яшчэ нядаўна ўзначальваў урад, а потым даволі раптоўна пайшоў у апазіцыю. Яны набралі 30,7% і 7,8% адпаведна.

Галоўная прычына, з якой апазіцыя кажа пра перамогу, — гэта магчымасць другога тура выбараў ва ўсіх буйных гарадах Грузіі — Тбілісі, Руставі, Кутаісі, Поці і Батумі — таму што ні адзін з кандыдатаў у гэтых гарадах не атрымаў больш за 50% галасоў. Напрыклад, у Тбілісі кандыдат ад кіраўнічай партыі Каха Каладзэ набраў каля 45 адсоткаў, а яго сапернік Ніка Мелія, старшыня "Адзінага нацыянальнага руху", — каля 34.

Хація Дэканаідзэ, апазіцыйны кандыдат у мэры горада Кутаісі, якая таксама абышла свайго саперніка ад партыі ўлады, назвала гэта "поўным разгромам "Грузінскай мары".

"Я ўпэўненая, што дакладна гэтаксама грузінскі народ разграміць партыю алігарха і ў другім туры", — сказала Дэканаідзэ ў эфіры грузінскай тэлекампаніі "Формула".

Кіраўнічая партыя "Грузінская мара" заснавана Бідзінам Іванішвілі, мільярдэрам, які забагацеў у Расіі і якога апаненты ўлады называюць ценявым кіраўніком, што цалкам кантралюе краіну.

Выборы в Грузии и политзаключённый Саакашвили: что произошло
Ценявы кіраўнік Грузіі Бідзіна Іванішвілі на выбарчым участку 2 кастрычніка 2021 года / Reuters

Акрамя галасавання за свайго кандыдата ў мэры, грузінскія выбаршчыкі выбіралі 2 кастрычніка мажарытарных дэпутатаў і партыю ў орган мясцовага самакіравання, які называецца сакрэбула. Галоўнай інтрыгай выбараў была менавіта колькасць галасоў за партыю ўлады — калі б "Мара" набрала менш за 43 адсоткі, апазіцыя запатрабавала б правядзення датэрміновых парламенцкіх выбараў. Гэта агаворвалася ў дакуменце, які ў Грузіі называюць "пагадненнем Мішэля" — па імені прэзідэнта Савета Еўропы Шарля Мішэля, дзякуючы якому апазіцыі і ўладзе ўдалося ненадоўга дамовіцца пра супрацоўніцтва. Падпісанне гэтага пагаднення вярнула апазіцыянераў у парламент, працу якога яны байкатавалі, абвінавачваючы ўлады ў фальсіфікацыі парламенцкіх выбараў, якія прайшлі год таму ў кастрычніку. І хоць за тры месяцы да новых "мясцовых" выбараў кіраўнічая партыя раптам разарвала дамову Мішэля ў аднабаковым парадку, апазіцыя ўсё роўна працягвала называць выбары рэферэндумам і пераконвала выбаршчыка, што прымусіць уладу выканаць умовы пагаднення. Гэтага рабіць не давялося — "Мары" ўдалося пераадолець 43-адсоткавы бар'ер.

Апазіцыя і міжнародныя назіральнікі падрабязна пералічваюць парушэнні, але ў цэлым сыходзяцца ў тым, што выбары варта лічыць адбытымі.

На ацэнку міжнародных назіральнікаў ківаюць і ўлады:

"Выбары атрымалі ўхваленне міжнародных назіральнікаў. Мы выйгралі і так званы рэферэндум. 47% грузінскіх выбаршчыкаў пацвердзілі цвёрдую ўпэўненасць у "Грузінскай мары",сказаў "Эху Кавказа" старшыня партыі "Грузінская мара" Іраклій Кабахідзэ.

Выборы в Грузии и политзаключённый Саакашвили: что произошло
Ніка Мелія, старшыня "Адзінага нацыянальнага руху", у часе галасавання 2 кастрычніка 2021 года / Reuters

Што адбываецца вакол вяртання Саакашвілі

Падлік галасоў праходзіў на фоне акцый пратэсту каля турмы ў горадзе Руставі. Увечары ў суботу сюды даставілі Міхаіла Саакашвілі, трэцяга прэзідэнта Грузіі і заснавальніка "Адзінага нацыянальнага руху" — на сённяшні дзень галоўнай апазіцыйнай сілы краіны.

Саакашвілі, на якога цяперашнія ўлады завялі некалькі крымінальных спраў і якому завочна прысуджаны турэмны тэрмін, у Грузіі і чакалі і не чакалі. Экс-прэзідэнт неаднаразова абяцаў вярнуцца на радзіму, але кожны раз сваё вяртанне адкладваў. Таму яго абяцанне не прымалася сур'ёзна да тых часоў, пакуль ён не апублікаваў на фэйсбуку фота квітка Кіеў — Тбілісі. Рэйс павінен быў прыляцець позна ўвечары ў дзень выбараў, 2 кастрычніка. Але ўжо напярэдадні раніцай, 1-га, карыстальнікі фэйсбука са здзіўленнем выявілі, што старонка трэцяга прэзідэнта Грузіі абнаўляецца відэаролікамі, на якіх даволі выразна відаць Міхаіл Саакашвілі на фоне начнога Батумі.

Улады ўвесь дзень пераконвалі журналістаў, што Саакашвілі насамрэч у Грузіі няма, а выкладзеныя на ягонай старонцы відэа — фэйк. Тым эфектней прагучала навіна пра яго затрыманне — абвясціў гэта прэм'ер-міністр Грузіі Іраклій Гарыбашвілі. Неўзабаве затрыманага перавялі ў рустаўскі ізалятар, каля якога цяпер пастаянна збіраюцца прыхільнікі "нацыяналаў".

Тое, як менавіта Саакашвілі ўдалося пранікнуць у Грузію, па-ранейшаму ахутана таямніцай. Нешматлікія наведвальнікі былога прэзідэнта, якія наведалі яго ў турме, падрабязна на гэтую тэму не гавораць, зрэшты, адзначаючы, што ён дабіраўся на радзіму з вялікай цяжкасцю і, відавочна, не адзін дзень. Разглядаецца версія, што Саакашвілі прыбыў у Грузію морам з Украіны: "Ён схаваўся ў трэйлеры, калі той стаяў на пагрузцы ва Украіне, пасля чаго трэйлер быў пагружаны на паром Адэса — Поці", — піша выданне СNews са спасылкай на ананімную крыніцу.

Гэтую інфармацыю на ўмовах ананімнасці пацвердзіў "Кавказскому узлу" супрацоўнік прафсаюза марскіх перавозак Грузіі: "У закрытай сацыяльнай сетцы для мораманаў інфармацыя пра гэты таемны пераезд на фуры з'явілася яшчэ 1 кастрычніка, да таго, як Саакашвілі злавіла паліцыя", — расказаў ён.

У цяперашні час затрыманы ўладальнік кватэры ў Тбілісі, у якой хаваўся Саакашвілі. Па неправераных звестках, гэта той жа чалавек, які вёў трэйлер, які нібыта даставіў Саакашвілі ў Грузію. Затрыманыя таксама двое супрацоўнікаў порта Поці, якія, па версіі следства, на сваёй машыне адвезлі Саакашвілі ў суседні раён. Гэтых людзей абвінавачваюць у тым, што яны хавалі Саакашвілі, ведаючы, што ён абвінавачваецца ў злачынствах.

Сам Саакашвілі называе сябе палітычным зняволеным, а ўсе абвінавачанні сфабрыкаванымі. Ён ужо некалькі дзён працягвае галадоўку з патрабаваннем вызвалення.

Дзіяна Петрыяшвілі, "Медиасеть"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі