Выказваем заклапочанасць: афганкі выходзяць на пратэст, Амерыка зносіць генерала

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Еўрарадыё

Дзясяткі чалавек працягваюць выходзіць на акцыі пратэсту супраць правілаў "Талібана" , а ў ЗША зносяць помнік генералу часоў Грамадзянскай вайны.
 

"Пакуль не заб'юць"

Талібы, прыйшоўшы да ўлады, сказалі, што не пярэчаць: жанчыны могуць атрымліваць адукацыю і працаваць. Але папрасілі ўсіх жанчын, акрамя тых, хто працуе ў ахове здароўя, заставацца дома і не хадзіць на працу, пакуль не наладзіцца сітуацыя з бяспекай.

Жыхарка Кабула Сара раней працавала дарадцай у адным з дэпартаментаў урада, у яе быў свой бізнес. На працу яна цяпер не ходзіць, але і дома не застаецца, як патрабуюць талібы. Сара ходзіць на акцыі пратэсту.

"Я не баюся. Я працягну хадзіць зноў, і зноў, і зноў, пакуль яны не заб'юць нас. Лепш памерці адзін раз, чым паміраць паступова", — кажа Сара ў інтэрв'ю ВВС.

Талібы дазволілі праводзіць акцыі пратэсту толькі з ухвалення Міністэрства юстыцыі, але афганцы ў некалькіх частках краіны ўсё роўна выходзяць на вуліцы.

Дзясяткі жанчын у Кабуле ў сераду выступілі з акцыяй пратэсту супраць фармавання часовага ўрада талібаў, які складаецца толькі з мужчын.

Потым ля амбасады Пакістана ў Кабуле сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Па словах пратэстоўцаў, якія прыводзіць ВВС, Талібы адкрылі агонь для разгону акцыі.

 

Генерала Лі распілавалі

Помнік генералу Канфедэрацыі Роберту Лі, усталяваны каля 130 гадоў таму, знеслі пад захопленыя воклічы натоўпу. Цяпер п'едэстал помніка пакрываюць надпісы Black Lives Matter.

Лі быў самым выдатным генералам Поўдня ў Грамадзянскай вайне 1861–1865 гадоў. Вайна скончылася перамогай Саюза паўночных штатаў пад правадырствам Аўраама Лінкальна. Але праз дзесяцігоддзі пасля канфлікту былі ўзведзены сотні статуй Канфедэрацыі.

Пра рашэнне выдаліць 12-тонную статую губернатар Вірджыніі заявіў усяго праз некалькі дзён пасля забойства Джорджа Флойда. Сёння ён гаварыў пра гістарычныя перамены, якія адбыліся за 18 месяцаў, — ад пандэміі да пратэстаў супраць расавай дыскрымінацыі.

У помнік салдаты арміі Поўдня заклалі капсулу часу. Рэліквіі часоў Грамадзянскай вайны праляжалі там 126 гадоў. Сярод іх — два гузікі з пінжака Роберта Лі і пасма грывы яго каня.

У штаце ўжо прыдумалі, якой будзе новая "капсула часу". Група гісторыкаў, педагогаў, мастакоў, чыноўнікаў разам сабрала каля сарака прадметаў, якія трапяць у гэтую капсулу. Сярод іх — фатаграфія чорнай балерыны, налепка Black Lives Matter, улёткі з заклікам спыніць нянавісць у адрас людзей азіяцкага паходжання, значок ЛГБТК, флакон вакцыны Pfizer са скончаным тэрмінам прыдатнасці.

Жыць у крэпасці

Паўночная Карэя адзначыла 73-ю гадавіну свайго заснавання вайсковым парадам у Пхеньяне. Парад пачаўся яшчэ да ўзыходу сонца, Самалёты насіліся над месцам правядзення мерапрыемства, ракетамі асвятляючы начное неба.

Адзін з сябраў Палітбюро, якія выступалі на парадзе, заявіў: Паўночная Карэя ўзмоцніць Народную армію і будзе нарошчваць абаронную прамысловасць, каб ператварыць "усю краіну ў крэпасць".

Краіна цалкам адгарадзілася ад свету, каб не дапусціць пранікнення каранавіруса. Праўда, у тым, каб быць крэпасцю, ёсць свае нюансы: большасць замежных дыпламатаў пакінулі Паўночную Карэю не толькі праз мноства абмежаванняў, але і праз простую нястачу тавараў.

 

У іншай Карэі добрыя навіны

А ў Паўднёвай Карэі маленькі белы сабачка Пэкгу стаў героем і атрымаў геройскія ўшанаванні. Яго гаспадыня, дзевяностагадовая Кім, пакутуе на дэменцыю. Яна згубілася пасярод рысавага поля. Рыс быў высокі, ліў дождж, і жанчына не магла падняцца.

Каля двух сутак працягваліся пошукі. Калі Кім знайшлі, ратавальнікі зрабілі выснову: калі б маленькі Пэкгу не саграваў яе ўсе гэтыя гадзіны напралёт, жанчына магла б не выжыць. Але Пэкгу заставаўся побач з гаспадыняй, нават калі ў самога сабакі пачаліся прыкметы пераахаладжэння.

Калі вам здаецца, што добрых навін у свеце мала, сабакі заўсёды будуць радыя дадаць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі