Выказваем заклапочанасць: палітыкі становіцца больш, чым ежы
Кубінцы не хочуць выбіраць паміж айчынай і жыццём, англічане і італьянцы не хочуць выбіраць паміж футболам і COVID.
Гаіці цяпер трэба будзе выбіраць шмат і часта: там ужо два прэм'ер-міністры і адзін прэзідэнт. Гэта значыць, вельмі шмат палітыкаў у краіне, у якой больш за палову насельніцтва жыве за рысай беднасці.
Расіяне ж зрабілі свой выбар: мяркуючы па апытаннях — яны кідаюць піць.
Вельмі хутка раскажам пра падзеі, якія нас уразілі.
А што ты прывёз мне з "Еўра"? — Новы штам!
Каля 60 тысяч заўзятараў учора сачылі за матчам "Італія — Англія" на стадыёне ў Лондане. А эпідэміёлаг з СААЗ Марыя Ван Керховэ сачыла за трыбунамі.
"Я павінна атрымліваць задавальненне, назіраючы за тым, як перадача [віруса. — Еўрарадыё] адбываецца ў мяне на вачах?" — напісала яна ў сваім твітар-акаўнце.
Карацей, усе, хто глядзеў учора матч у Лондане, — хуценька на ізаляцыю. І тых, хто глядзеў матч на "Дынама", гэта таксама датычыцца. Так-так, мы ўсё бачылі!
Што там наогул адбываецца на Кубе?
Калі коратка, то найбуйнейшыя за дзесяцігоддзі пратэсты супраць камуністычнага ўрада. І гэта бясспрэчна звязана з тым, што эканоміка летась зазнала наймацнейшы спад за дзесяцігоддзі. Адбіліся і пандэмія, і санкцыі з боку ЗША.
Асноўны пасыл пратэстаў нескладана зразумець з лаканічнага слогана, які гучаў у Гаване: "Далоў дыктатуру!".
Гэта беларусы могуць зразумець. А вось чаго многім беларусам дагэтуль не зразумець: пратэстоўцы патрабуюць паскорыць вакцынацыю. У нядзелю на Кубе было 47 смерцяў, звязаных з СOVID-19, дэманстранты незадаволеныя адказам урада на пандэмію.
"Мы не можам больш гэтага трываць. Няма ежы, няма лекаў, няма свабоды. Яны не даюць нам жыць. Мы ўжо стаміліся", — сказаў адзін з пратэстоўцаў у размове з ВВС.
Турызм пацярпеў праз пандэмію. Цукар, які ў асноўным ідзе на экспарт, сёлета не ўрадзіўся. Дзяржаўныя рэзервы замежнай валюты вычэрпваюцца. Чэргі па ежу растуць. Ёсць перабоі з электрычнасцю.
Тысячы прыхільнікаў дзейнага ўрада таксама выйшлі на вуліцу. Яны заклікалі абараняць рэвалюцыю. Але тую, старую рэвалюцыю 1959 года, з якой пачаліся дзесяцігоддзі нязменнага кіравання камуністаў. Прэзідэнт Мігель Дыяс-Канель ужо заявіў, што пратэсты былі правакацыяй наймітаў, нанятых ЗША для дэстабілізацыі краіны.
А некаторыя з дэманстрантаў спявалі хіт Patria y Vida — "Айчына і жыццё". Назва гэтай песні таксама звязана з той, старой рэвалюцыяй. І яе лозунгам "Айчына або смерць", які адсылае да тых часоў, калі рэвалюцыянеры Фідэля Кастра зрынулі ўрад. Цяпер кубінцы настойваюць: і айчына, і жыццё.
У Гаіці нічога не зразумела
На востраве ўжо некалькi патэнцыйных лідараў: два прэм'ер-міністры і адзін прэзідэнт.
Але яшчэ больш прэтэндэнтаў на ролю вінаватага ў забойстве прэзідэнта Жавенеля Маіза. У банду, паводле звестак паліцыі, уваходзіла 28 чалавек.
У першую ж ноч пасля забойства былі застрэленыя чацвёра меркаваных вінаватых. Цяпер паліцыя заяўляе, што арыштавала лекара, якога лічаць ключавым падазраваным у арганізацыі забойства прэзідэнта.
Гэта 63-гадовы Эмануэль Санон. Ён быў першы, хто патэлефанаваў аднаму з падазраваных у забойстве. Санон прыляцеў у краіну на прыватным самалёце ў пачатку лета. У паліцыі заявілі, што па першапачатковым плане прэзідэнта збіраліся арыштаваць, але "місія змянілася".
Застаецца без адказу пытанне, як меркаваныя забойцы змаглі пракрасціся на тэрыторыю рэзідэнцыі. Целаахоўнікаў забітага прэзідэнта яшчэ плануюць дапытаць.
У Гаіці ўжо прыбыла дэлегацыя чыноўнікаў службы бяспекі ЗША. Амерыканскія войскі таксама збіраюцца адправіцца на Гаіці, каб абараняць "ключавую інфраструктуру".
Пакуль што зразумела адно: прэзідэнта забілі. А Гаіці застаецца самай беднай дзяржавай у заходнім паўшар'і.
Рускія не такія, як мы пра іх думаем
Расіяне правялі апытанне і высветлілі, што не так ужо шмат яны п'юць. Больш за тое: 38% расіян не п'юць наогул! Праўда, палова з непітушчых — старэйшыя за шэсцьдзясят гадоў.
Чвэрць апытаных п'юць алкаголь радзей чым раз на месяц. Некалькі разоў на тыдзень п'юць толькі 4% апытаных. Свята кожны дзень толькі ў 1%.
І ўсё больш расіян лічыць, што ўсе віды алкаголю негатыўна ўплываюць на здароўе. Тры гады таму такога меркавання прытрымліваліся толькі 55% апытаных. Цяпер іх больш за 80%.
Мы ні на што не намякаем, але літаральна пару дзён таму беларускае Мінздароўя расказвала: сярэдні беларус вось неяк не быў заўважаны за адмовай ад алкаголю. І гэта пры тым, што маладзейшыя беларусы якраз кідаюць піць і пераключаюцца на ЗЛЖ.
І ўсё роўна на аднаго беларуса, старэйшага за 15 гадоў, у нас прыпадае 10,8 літра чыстага спірту ў год. Выказваем заклапочанасць.
Эміграцыя знешняя і ўнутраная
Бізнесмен шатландскага паходжання Джон Скот купіў ненаселены востраў. Ён абышоўся яму ў 250 тыс. фунтаў — гэта значыць па цане не самага лепшага дома ў Лондане.
Усяго ў Шатландыі 900 астравоў, населеных — толькі 90. З улікам вострава, які цяпер належыць Скоту, 91.
Сам бізнесмен жыве ў Манака. Журналісты, вядома, тут жа пачалі яму назвоньваць, каб спытаць, навошта ён купіў ненаселены востраў.
Скот хоча ўзнавіць на востраве традыцыйную ферму, выкапаць невялікае азярцо, каб там можна было лавіць рыбу. Адным словам, ператварыць гэта месца ў прывабны аб'ект для турыстаў.
Гэта ўсё растлумачыў BBC прадстаўнік кампаніі Скота. Сам бізнесмен даваць тлумэнні не стаў. "Навошта вам ненаселены востраў?" Мы таксама не разумеем пытання. Усё роўна што спытаць Андруся Горвата, навошта яму замак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.