Выкрадзены ў Грузіі журналіст Афган Мухтарлы атрымаў прэмію імя Шарамета
Азербайджанскі журналіст Афган Мухтарлы атрымаў прэмію імя Паўла Шарамета. Узнагарода журналісту, выкрадзенаму ў Грузіі 29 траўня, была прысуджаная падчас канферэнцыі грамадзянскай супольнасці ў краінах "Усходняга партнёрства" ў Таліне.
Прэмію Афгану Мухтарлы ўручылі з фармулёўкай "За мужнасць у журналістыцы і выдатныя дасягненні ў справе ўнёску ў свабоду слова ў рэгіёне "Усходняга партнёрства". Ад імя журналіста ўзнагароду атрымала яго жонка, бо сам Мухтарлы зараз знаходзіцца ў зняволенні ў Баку.
29 траўня журналіст Афган Мухтарлы, які ў 2014 годзе выехаў з Азербайджана ў Грузію, знік у Тбілісі. 30 траўня ён патэлефанаваў адвакату і паведаміў, што дастаўлены ў сталіцу Азербайджана — Баку. Па словах Мухтарлы, яго білі. Журналісту прад'яўленыя абвінавачванні ў парушэнні мяжы, кантрабандзе і супраціве памежніку. Еўрапейскі суд па правах чалавека прысвоіў справе Афгана Мухтарлы прыярытэтны статус. Гэта значыць, яна будзе разгледжаная ў максімальна кароткія тэрміны. 20 чэрвеня заклік вызваліць выкрадзенага журналіста Мухтарлы, адрасаваны ўладам Азербайджана, прагучаў падчас пасяджэння ПАСЕ.
"Нас ўразіла адвага журналіста, які ўвесь час працаваў, нягледзячы на пераслед з боку ўладаў Азербайджана, займаўся рэзананснымі тэмамі, нягледзячы на рызыкі для ўласнай бяспекі і свабоды", — цытуе "Громадське" сустаршыню канферэнцыі Давіле Шукітэ.
Паводле яе слоў, Мухтарлы інфармаваў увесь свет аб жорсткім абыходжанні са зняволенымі азербайджанскімі праваабаронцамі і актывістамі. "Ён дэманстраваў салідарнасць з тымі, хто асмеліўся выказацца і расплачваецца за гэта", — дадала яна.
Сёлета прэмія імя Паўла Шарамета ўручаецца ў другі раз. Першым яе лаўрэатам стаў год таму крымскі журналіст Мікалай Сяменя "ў знак прызнання таго, што ён не пабаяўся рызыкаваць сваёй свабодай і бяспекай, адстойваючы свабоду слова ў Крыме".