Высяленне "жанчыны з крана" перанеслі на 27 сакавіка
Высяленне Галіны Ігнатовіч, вядомай як "жанчына з крана", перанеслі з 23 сакавіка на 27-га. Як піша tut.by, гэта зроблена з ініцыятывы забудоўшчыка — кампаніі "Тапас". Фірма тлумачыць гэта тым, што не ўсе чальцы сям'і апавешчаныя пра высяленне 23 сакавіка.
У прыватнасці, не была апавешчаная пра высяленне новая жонка Івана Ігнатовіча — Таццяна Марынчык.
Сям'ю Ігнатовічаў высяляюць з прыватнага дома. Кампанія "Тапас" вылучыла ім тры двухпакаёвыя кватэры. Аднак Галіна Ігнатовіч незадаволеная такім рашэннем: яе з былым мужам і яго новай жонкай высяляюць у адну кватэру. Пратэстуючы супраць такога рашэння, яна 30 студзеня залезла на вежавы кран.
Пракурорская праверка, прызначаная пасля гэтага інцыдэнта, не знайшла парушэнняў у рашэнні "Тапаса". Суд таксама падтрымаў кампанію.
Аднак Галіна Ігнатовіч не верыць у высяленне і пасадзіла радыску на сваім гародзе.