Як мытня пакінула Расію на 14 лютага і 8 сакавіка без кветак з Беларусі
Грузавая перавозка кветак / transmg.ru
Напярэдадні "гендарных святаў" расійскія мытнікі пачалі затрымліваць машыны з кветкамі з Беларусі. Прадстаўнікі расійскіх кветкавых рытэйлераў скардзяцца, што прычын ніхто не тлумачыць. А кветкі — тавар далікатны, і калі не стварыць спецыяльныя ўмовы для захоўвання, то яны хутка псуюцца.
Заснавальнік сеткі "Кветкавы рад" і сябра праўлення асацыяцыі кветкавага рытэйлу Іван Уцянкоў расказвае, што праблемы пачаліся ў пачатку лютага:
"З чацвёртага лютага толькі некалькі грузавікоў з кветкамі змаглі праехаць, а ўжо з 11 лютага не выпусцілі ніводнай машыны. У кагосьці дзве фуры затрыманыя, у кагосьці дзесяць фур і больш. Некалькі грузаперавозчыкаў абвясцілі сябе банкрутамі пасля выстаўлення ім няўстоек".
Дакументы з Беларусі
Усе машыны з кветкамі перад адпраўкай у Расію праходзяць мытнае афармленне на тэрыторыі Беларусі — на падставе нарматыўных актаў Еўразійскага эканамічнага саюза. "Пасля гэтага кветкі выпускаюць для рэалізацыі на тэрыторыях ЕАЭС. Атрымаўшы поўны пакет дакументаў, машыны едуць на мяжу РБ і РФ для атрымання акта фітасанітарнага кантролю", — працягвае Іван Уцянкоў.
А потым фуры затрымліваюцца расійскімі мытнікамі пад маркай надгляду. Кветкі накіроўваюцца на склады часовага захоўвання. І застаюцца там на некалькі дзён — па словах Уцянкова, без усялякіх тлумачэнняў.
"У гэтых умовах надвор'я пры невыкананні тэмпературнага рэжыму і тэрмінаў перавозкі кветкавая прадукцыя хутка прыходзіць у непрыдатнасць, што прыводзіць да велізарных фінансавых страт для бізнесу. Пры спробах атрымаць тлумачэнні ўсе пытанні застаюцца без адказу", — абураецца бізнесмен.
Федэральная мытная служба пакуль ніяк не пракаментавала затрыманні грузавых аўтамабіляў з кветкамі.
Кожная другая кветка ў Расіі — з Беларусі
За апошнія пяць гадоў Беларусь павялічыла пастаўкі зрэзаных кветак у Расію больш чым у сто разоў. Сёння практычна кожная другая набытая ў Расіі кветка прыязджае з Беларусі. Калі ў 2015 годзе Беларусь экспартавала ў Расію 7 млн кветак, то ў 2020 годзе, паводле звестак Белстата, — блізу 891 млн. Агульны кошт паставак — больш за 125 мільёнаў долараў.
У лютым 2021 года расследавальніцкае медыя "Проект" апублікавала тэкст пра тое, як атачэнне Аляксандра Лукашэнкі зарабляе на расіянах. Сярод іншага там было і пра гандаль кветкамі. Але яшчэ раней, у кастрычніку мінулага года, Naviny.by апублікавалі расследаванне, у якім сцвярджалася, што Беларусь стала найбуйнейшым рээкспарцёрам кветак у Расію. Займаюцца пастаўкамі набліжаныя да беларускай улады бізнесмены і нават дзяржкампанія.
Як беларускія кветкі выйграюць канкурэнцыю
Аказваецца, увозіць кветкі ў Расію з Беларусі выгадна праз асаблівасці беларускага падаткаабкладання. Указам Лукашэнкі беларускія экспарцёры вызваленыя ад выплаты ПДВ пры ўвозе тавару з-за мяжы. Калі пры пастаўцы кветак у Расію, дзе ПДВ усё-ткі трэба плаціць, занізіць кошт грузу, гандаль атрымаецца вельмі выгадным.
Калі вывучыць статыстыку Белстата аб пастаўках кветак, то высвятляецца, што Беларусь купляе кветкі па 32–36 цэнтаў за штуку, што прыкладна адпавядае сусветным цэнам, а прадае іх у Расію ў тры-чатыры разы танней. Так атрымліваецца, што прывезеная з Беларусі кветка прыкладна на 20-30% таннейшая, чым у канкурэнтаў, якія пастаўляюць іх у Расію наўпрост.
Хто за ўсім гэтым стаіць
У 2020 годзе найбуйнейшымі пастаўшчыкамі кветак у Беларусь былі тры кампаніі: "Логекс", "Глобалкастом" і "Газ Венчурэ".
У 2020 годзе "Глобалкастом" быў рэарганізаваны ў "Глобалкастом-менеджмент". Цяпер у кампаніі трое ўласнікаў: цёзка былога намесніка дырэктара "АСБ Лізінг" Яўген Жаўнер (ён жа былы дырэктар кампаніі), поўны цёзка сябра прэзідыума Беларускай федэрацыі дзюдо Антон Новік і бізнесмена Аляксандра Раманоўскага. Кампанію звязваюць з Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта.
"Глобалкастом-менеджмент" кіруе кампаніяй "Глобалкастом-комерс", чые пункты мытнага афармлення размешчаны ў індустрыяльным парку "Вялікі камень". У яго адкрыцці прымаў удзел кіраўнік КСП Віктар Шэйман.
Кампанія "Газ Венчурэ" звязаная з лагістычным аператарам "Брэміна груп", якім на парытэтнай аснове валодаюць бізнесмены Аляксей Алексін, Мікалай Варабей і Аляксандр Зайцаў. Афіцыйна ўладальнікамі "Газ Венчурэ" запісаныя кіпрскія фірмы Maylen Limited і Feloren Limited. Імі кіруе літоўская фірма Lewben, паслугамі якой карыстаюцца Алексін і Зайцаў.
Яшчэ адзін рээкспарцёр кветак — "Логекс". Кампанія звязана з сям'ёй Аляксандра Шакуціна, які трапіў летась пад санкцыі ЕС.
Памылка 2020
Да канца 2020 года частка рээкспарцёраў перастала пастаўляць кветкі ў Расію. Як паведамлялі Naviny.by, расіяне закрылі беларускую схему праз недружалюбную рыторыку Лукашэнкі перад прэзідэнцкімі выбарамі.
Аднак "Проекту" супрацоўніца адной з найбуйнейшых транспартных кампаній, якая перавозіць зрэзаныя кветкі для расійскіх аптавікоў, расказала, што кампанія атрымлівае іх праз беларускія "Белмытнясэрвіс" і "Глобалкастом": "Гэтую схему ніхто не зменіць, а наўпрост з Эквадора прывезці каштуе ў тры разы даражэй".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.