Як скандал у Палаце прадстаўнікоў пераўтварыўся ў “тэхнічны момант”
“Скандалам” ахрысцілі выбары намеснікаў старшыні камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў. Дэпутат ад ЛДПБ Анатоль Хішчанка нібыта прэтэндаваў на пасаду намесніка старшыні і заявіў у парламенце, што "галасавання не было наогул”, — паведамляе “Камсамольская праўда ў Беларусі”.
На наступны дзень ні дэпутат, ні кіраўніцтва ЛДПБ не дае “каментарыяў на гэты конт”. А інцыдэнт называюць “тэхнічным момантам”.
“На паседжанні камісіі прапанавалі трох намеснікаў, усе пагадзіліся. Чалавек не сказаў, што ў яго ёсць пытанні, што ён супраць. Мы ўсе пайшлі ў Авальную залу і нечакана ён кажа, што мы не галасавалі. Атрымалася непаразуменне”, — апісвае сітуацыю дэпутат Людміла Кубракова. Сама яна на пасаду намесніка старшымі парламенцкай камісіі не прэтэндуе.
Пакуль старшыня гэтай камісіі Валерый Варанецкі знаходзіцца ў камандзіроўцы ў Аўстрыі.
“Я прапаноўвала сваю кандыдатуру, але яна не прайшла”, — распавядае дэпутат ад АГП Ганна Канапацкая. Да самой працэдуры галасавання яна пытанняў не мае. Пытанні — да рэплік калег па камісіі.
“Мне адказалі, што я павінна разумець, што ўсё ўжо ўзгоднена, тым больш варта ўлічыць мой узрост. Я не вельмі зразумела, бо па Канстытуцыі ў маім узросце можна вылучацца нават у прэзідэнты”, — абураецца дэпутат у Фэйсбуку.
Дэпутат ад ТБМ Алена Анісім на пасаду намесніцы старшыні і не прэтэндавала, бо “арганізацыйная праца будзе замінаць працаваць, як дэпутату”.