Як у Расіі: вясна і восень, а цяпер і зіма знішчае дарогу ў вёсцы пад Полацкам
Жыхары пасёлка Ветрына ў Полацкім раёне не могуць даехаць да сваіх дамоў праз ямы і выбоіны на дарозе. Раней вяскоўцы пакутвалі праз бездарожжа толькі ранняй вясной і позняй восенню. Але сёлетняя цёплая зіма размыла завулак Вазнясенскага так, што праехаць амаль немагчыма.
Добрыя дарогі — адна з візітовак Беларусі. На “Ютубе” нават ёсць ролікі, знятыя на мяжы з Расіяй: на беларускім баку — гладзенькі асфальт, а на расійскім пачынаецца жахлівая гравійка. Але варта крыху ад’ехаць ад аўтамагістраляў, як і ў Беларусі пачынаецца тое самае. Жыхар Ветрына Юрый даслаў у рэдакцыю Еўрарадыё відэа: па яго словах, гэтую дарогу не рамантавалі амаль 30 гадоў.
“Не паверыце, але гэтую праблему 28 гадоў не могуць вырашыць, — кажа Еўрарадыё мясцовы жыхар Юрый. — Нейкі час таму я за свой кошт прывозіў чатыры машыны пяску туды, але дарога садзіцца, робіцца непрыгожай, ёю не займаюцца. У сельсавет звярталіся. Але адны абяцанні”.
Жыхар Ветрына дадае, што не патрабуе, каб на гэтым завулку паклалі асфальт і рамантавалі яго кожны месяц. Але знайсці грошы і магчымасць на рамонт невялікага кавалка дарогі за столькі гадоў усё ж можна было б.
“Вясной і восенню я да свайго дома пад’ехаць не магу, — кажа Еўрарадыё Юрый. — Летам нармальна, але такой зімой... Каб можна хоць да дома спакойна даехаць было б. Там такая лужа, што штурмам трэба браць, каб пад гару пад’ехаць. А там ямы, дык суседка глушыцель адарвала”.
Старшыня Ветрынскага сельсавета Аляксей Лупач не пагаджаецца з тым, што дарогу ў Ветрыне не рамантавалі 28 гадоў. А ўсе грошы, якія былі выдаткаваныя на рамонт дарог у 2019 годзе, і былі патрачаныя на рамонт дарог.
“Паглядзіце, якое надвор’е стаіць па ўсёй рэспубліцы! Цяпер вось падмарозіла, дык будзе больш-менш, — не губляе аптымізму чыноўнік. — Калі якія грошы з’яўляюцца, дык заўсёды падсыпаем. Да мяне асабіста ніхто па Вазнясенскага [завулку] не звяртаўся. У планах рамонт ёсць, будзем працаваць”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.