Як Украіне ў Стамбуле ўручалі Томас аб аўтакефаліі
6 студзеня Сусветны патрыярх Варфаламей падчас урачыстага набажэнства ў царкве Святога Георгія ў Стамбуле ўручыў кіраўніку Праваслаўнай царквы Украіны Епіфанію Томас, які абвяшчае аўтакефалію. Такім чынам, працэдура атрымання царкоўнай незалежнасці, якую не адзін дзясятак гадоў актыўна прасоўвалі царкоўныя іерархі і ўкраінскія ўлады, афіцыйна завяршылася.
Як Канстанцінопаль абвясціў аб стварэнні 15-й аўтакефальнай царквы ў праваслаўі напярэдадні каляднай куцці — у рэпартажы журналістаў Грамадскага Сакена Аймурзаева і Яны Сядовай са Стамбула.
“Що ми зробили!”
Першыя прыхаджане, якія заходзілі ў сабор св. Георгія, маглі бачыць незвычайную для храма карціну: пад спевы манахаў на троне Канстанцінопальскага патрыярха маліўся ўкраінскі мітрапаліт Епіфаній. Так патрыярхія аддавала даніну павагі кіраўніку аўтакефальнай царквы.
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка прыехаў непасрэдна да пачатку набажэнства. У шчыльным коле аховы і журналістаў ён без прыпынкаў на заявы (на пытанне аднаго з прысутных "Гістарычны дзень сёння для Украіны, ці не так?" Парашэнка толькі, стрымана усміхнуўшыся, пагадзіўся: "Абсалютна, так") прайшоў у храм і прабыў там у асяроддзі сям'і і палітычных паплечнікаў.
Да з'яўлення Парашэнкі ў сабор прыйшоў Віктар Юшчанка — чалавек, які калі не скончыў працэс аўтакефаліі, то ўжо сапраўды больш упэўнена за ўсіх пачаў яго ў 2008 годзе:
“Ти бачив, що всюди в місті наші, всюди українська мова! Що ми зробили!” (укр. “Ты бачыў, што паўсюль у горадзе нашы, паўсюль ўкраінская мова! Што мы зрабілі!” — рэд.), — трэці прэзідэнт Украіны казаў так, быццам эмоцыі замінаюць яму сфармуляваць тое, што ён хоча сказаць. Але гэта і так было зразумела. Украінская гаворка сапраўды гучала ў гэты дзень на Фанары, у раёне Стамбула, дзе знаходзіцца сабор св. Георгія, часта: у кавярні ля храма, на вуліцы, у самой царкве. Хтосьці спецыяльна прыехаў на цырымонію з Украіны, прыйшлі сюды і ўкраінцы, якія жывуць у Стамбуле.
Томас аб прадастаўленні аўтакефаліі Праваслаўнай царквы Украіны Сусветны патрыярх падпісаў 5 студзеня. У гэтым дакуменце прадастаўленне граматы аб незалежнасці абгрунтавана тым, што аб самакіраванні з пачатку набыцця Украінай незалежнасці прасілі і царкоўныя дзеячы, і ўкраінскія чыноўнікі. Томас таксама зафіксаваў юрысдыкцыю Праваслаўнай царквы Украіны — яна абмяжоўваецца тэрыторыяй дзяржавы, таму ПЦУ не можа ставіць біскупаў або засноўваць прыходы за межамі Украіны. Існуючыя прыходы ПЦУ з гэтага часу падпарадкоўваюцца Сусветнаму патрыярхату. У тэксце дакумента таксама вызначана, што Томас даецца на захаванне кіраўніку Праваслаўнай царквы Украіны Епіфанію і прэзідэнту Украіны Пятру Парашэнку.
Другая значная група ўдзельнікаў урачыстасці — грэчаская супольнасць. Гэта тыя парафіяне, якія не маглі прапусціць важнае царкоўнае свята — Раство, якое супала з гістарычнай для Украіны падзеяй. Трэцяя група гасцей Фанара — турысты. Нягледзячы на важнасць моманту, дзяржахову і мноства камер, патрыярхія вырашыла не зачыняць храм ад тых, хто прыехаў на выхадныя ў Стамбул. Рознамоўныя групы цярпліва стаялі ў чарзе ў сабор, каб на некалькі хвілін зайсці ўнутр і ўбачыць, што ж там адбываецца.
Адгароджаныя ад журналістаў, турыстаў, цікаўных жыхароў Стамбула і прыхажан, якія спазніліся, святары, палітыкі і запрошаныя госці захоўвалі маўчанне і ўдзельнічалі ў малітве. У астатнім храм нагадваў усходні кірмаш, дзе пастаянна мяняюцца асобы, усё рухаецца і спыняцца не збіраецца. У гэтым руху не адразу стала зразумела, што цырымонія перадачы Томаса адбываецца прама ў сярэдзіне службы, у той момант, калі звычайна святары прапаведуюць пасля Евангелля.
“Зіма ужо прайшла”
Калі слова ўзяў патрыярх Варфаламей, ён пачаў з ўрыўку з біблейскай кнігі Песні Песень Саламона, мабыць, самай паэтычнай кнігі Пісання:
"Вось, зіма ўжо прайшла; дождж мінуў, перастаў; кветкі з'явіліся на зямлі; час спеваў настаў, і голас галубкі чутны ў краіне нашай..."
Гэтыя вобразы патрыярх расшыфраваў. Зіма і дождж — гэта тыя цяжкасці, якія давялося (стагоддзямі) перажываць ўкраінскаму праваслаўю. А кветкі і галубкі — надзеі на будучыню. Варфаламей зноў растлумачыў, чаму Канстантынопаль гістарычна лічыць Кіеў і Украіну сваёй кананічнай тэрыторыяй і аддаў іх Маскве на час, на выразных умовах, таму што інакш было нельга. Але часы змяніліся. Варфаламей згадаў падпарадкаванне Кіеўскай мітраполіі Маскве, якое адбылося пры патрыярху Дыянісіі IV у 1687 годзе, адзначыўшы, што хоць Канстанцінопаль і дазволіў пасвячэнне мітрапалітаў ў Кіеве патрыярхам Маскоўскім, але ніколі не прызнаваў, што Масква мае над Кіевам кананічную юрысдыкцыю.
Ён таксама ўспомніў 1325 год, калі ў Маскву была перанесена кафедра мітрапаліта (да гэтага яна знаходзілася ва Уладзіміры — рэд.), пасля чаго адзначыў, што вернікі ў Кіеве імкнуліся да эклезіястычнай незалежнасці не толькі апошнія 30 гадоў, але і на працягу папярэдніх стагоддзяў — менавіта пра гэта, у прыватнасці, ішла гаворка ў першай Канстытуцыі Украіны гетмана Піліпа Орліка ад 1710 года. У тэксце было сказана, што "праваслаўная царква Украіны павінна заставацца пад святым Апостальскім пасадам у Канстанцінопалі".
"Сёння пачынаецца новая старонка ў гісторыі Украіны. Канстанцінопальская царква, якая дала эклезіястычны статус аўтакефаліі ўсім новым заснаваным цэрквам, сёння даручае яе ў вашыя рукі. (...) Сёння, афіцыйна і кананічна, вы становіцеся 15-й царквой у блаславёным хоры аўтакефальных цэркваў ", — адзначыў Варфаламей, звяртаючыся да Епіфанія.
У слове ў адказ прадстаяцель украінскай царквы Епіфаній шмат дзякаваў. Патрыярху, царкве, якія падтрымалі ідэю аўтакефаліі, палітыкам, якія дапамагалі давесці справу да лагічнага завяршэння. Успомніў новы кіраўнік новай царквы і сваіх папярэднікаў і аднадумцаў з нядаўняга мінулага. Мсціслава Скрыпнмка — мітрапаліта-эмігранта, які на самым світанку незалежнасці узначальваў аўтакефальны рух і нават быў абвешчаны патрыярхам. Таксама Епіфаній падзякаваў свайму настаўніку — ганароваму патрыярху Філарэту.
Пасля прамоваў Варфаламей пад воклічы "Аксіёс" — "годны" у перакладзе з грэчаскай — перадаў Епіфанію доўгачаканую грамату і міра...
Пасля цырымоніі набажэнства працягнулася сваёй чаргой, але ў храме стала больш свабодна. Многія чакалі менавіта перадачы Томаса і пасля таго, як гэта нарэшце адбылося, выйшлі ў двор патрыярхіі. Пасля заканчэння малітвы іерархі разам з палітыкамі і прэзідэнтам Парашэнкам пайшлі да берага бухты Залаты рог — рэзідэнцыя Сусветнай патрыярхіі знаходзіцца амаль на набярэжнай. Патрыярх з біскупамі асвяціў воды заліва. Некаторыя парафіяне пачалі скакаць у ваду.
Плануецца, што 7 студзеня Епіфаній правядзе ў саборы Святой Сафіі ў Кіеве калядную літургію — першую ў якасці паўнапраўнага кіраўніка памеснай Праваслаўнай царквы Украіны.
Пасля цырымоніі ўручэння Томаса ў Стамбуле прэзідэнт Парашэнка параўнаў гэтую падзею з актам абвяшчэння незалежнасці краіны і запрасіў Варфаламея прыехаць з візітам ва Украіну.