Якое надвор’е чакаецца ў Беларусі ў сакавіку

Якое надвор’е чакаецца ў Беларусі ў сакавіку

Першыя дні вясны для Вялікабрытаніі сталі рэкордна цёплымі. Сёлета першы ўраджай клубніц з градак Заходняга Сасэкса трапіць на прылаўкі ўжо ў канцы гэтага тыдня, паведамляе газета Daily Mail.

Гэта стала магчымым дзякуючы цёплай зіме на Брытанскіх астравах. Яе сярэдняя тэмпература была каля +5,6 градусаў, што вышэй за норму амаль на 4 градусы. А ў цэнтральнай Англіі сярэднія тэмпературы дасягнула ажно 7 градусаў вышэй за нуль! Гэта самая цёплая зіма з 1659 года, калі пачалі фіксаваць першыя звесткі аб надвор’і.

Надзвычай цёплым апошні месяц зімы стаў на ўсёй планеце. У ЗША на паўночным усходзе назіраліся залевы, навальніцы, тарнада замест снегападаў. У Аўстраліі, дзе цяпер лета, фіксаваліся рэкордныя тэмпературы і надзвычай інтэнсіўныя ападкі.

Галоўны сіноптык Белгідраметэацэнтра Святлана Рыбакова кажа, што і ў Беларусі зіма была вельмі цёплай:

“Вельмі цёплымі былі снежань і люты. У лютым сярэднемесячная тэмпература паветра перавысіла сярэднія шматгадовыя значэнні на 6-8 градусаў. Такім цёплым люты бывае раз на 18 гадоў”. 

Якое надвор’е чакаецца ў Беларусі ў сакавіку
У лютым 2016 года было на 6-8 градусаў вышэй за норму. Фота: belnaviny.by

Галоўны сіноптык мяркуе, што сакавік перахопіць лютаўскую эстафету цёплага надвор’я. Натуральна, анамалія будзе не такой вялікай, але тэмпература паветра першага веснавога месяца ўсё адно чакаецца вышэйшай за кліматычную норму.

Сярэдняя тэмпература ў першыя 10 дзён вясны ў Беларусі будзе ад 0 да +6. Гэта на 5-7 градусаў вышэй за норму. 1 сакавіка запомніцца паўднёвым цыклонам, які прынёс мокры снег і дажджы.

З 2 сакавіка надвор’е пачне паляпшацца, цыклон пойдзе на Смаленскую вобласць, і яго ўплыў аслабее. А гэта значыць, што ў асобных раёнах будуць магчымыя кароткачасовыя ападкі, чакаюцца туманы і галалёд. Да пятніцы тэмпература будзе вагацца ад -5 ноччу (пры праясненні да -8 градусаў) да +6 градусаў удзень (да +8 на поўдні краіны).

А на выхадныя чакаецца крыху больш цёплае надвор’е, месцамі пройдуць ападкі:

“6 сакавіка да нас прыйдуць цёплыя паўднёвыя паветраныя масы. Начныя тэмпературы чакаюцца плюсавымі: 0+5. Удзень у асноўным будзе ад +2 да +9 градусаў. Па поўдні на некалькі градусаў вышэй”, — кажа Святлана Рыбакова.

Ападкаў у сакавіку чакаецца крыху больш за норму. А вось сярэдзіна месяца стане бліжэйшай да кліматычнай нормы — адбудзецца пахаладанне. У канцы сакавіка зноў пацяплее.

Спецыялісты адзначаюць, што такі цёплы люты і пачатак сакавіка ў цэлым спрыяльныя для сельскай гаспадаркі. Цяперашняй вясной чакаецца большае ўвільгатненне глебы, чым у мінулым годзе. На рэках прагназуюцца разводдзі, але неістотныя.

Такога пацяплення, як у мінулым сакавіку, калі ў канцы месяца было амаль +20, сёлета сіноптыкі не чакаюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі