Японія асудзіла рашэнне РФ размясціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі
У свеце асуджаюць планы Масквы / З архіву Еўрарадыё
Японія асудзіла рашэнне РФ размясціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. "Будучы адзінай краінай, якая перажыла атамную бамбардзіроўку, Японія рашуча не можа прыняць пагрозу ядзернай зброі з боку Расіі, — кажа генеральны сакратар кабінета міністраў Хіракадзу Мацуна. — Японія асуджае рашэнне прэзідэнта Пуціна аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, паколькі ва ўмовах працягу агрэсіі ва Украіне гэта прывядзе да далейшай эскалацыі. Мы заклікаем Расію і Беларусь спыніць любыя дзеянні, якія могуць узмацніць напружанасць".
Пра планы размяшчэння ў Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі Уладзімір Пуцін заявіў увечары 25 сакавіка. Ён лічыць, што Расія не парушае рэжыму яе нераспаўсюду, паколькі РБ не атрымае кантролю за ядзернымі зарадамі. Беларускія дэмакратычныя сілы падкрэсліваюць, што наша краіна апынецца пад ударам.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ЕС Жазэп Барэль назваў планы Расіі "пагрозай бяспекі Еўропы". Беларусь — дадатковы фактар рызыкі для Балтыйскага рэгіёну, заявілі ў МЗС Літвы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.