Японія і ЕС разам асудзілі рэжым Лукашэнкі за садзейнічанне расійскай агрэсіі
Лідары ЕС і Японіі заклікалі Расію неадкладна спыніць вайну ва Украіне і асудзілі рэжым Лукашэнкі за садзейнічанне агрэсіі. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве, апублікаванай на сайце Еўракамісіі.
Заява была прынятая па выніках саміту ЕС-Японія. Пад дакументам падпісаліся старшыня Еўрасавета Шарль Мішэль, кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен і прэм'ер-міністр Японіі Фуміа Кісіда.
Пра дзейнасць афіцыйнага Мінску ў дакуменце згадваюць так: "Мы ў роўнай ступені асуджаем ролю рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі ў садзейнічанні ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны".
Лідары Еўрасаюза і Японіі заклікаюць Расію неадкладна спыніць вайну, вывесці войскі і паважаць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Яны абяцаюць падтрымліваць Украіну ў супрацы з краінамі "Вялікай сямёркі", у тым ліку праз далейшае пашырэнне санкцый супраць агрэсара.
Лідары ЕС і Японіі адзначаюць, што вайна Расіі супраць Украіны прывяла да значнага росту цэн на паліва і электраэнергію ва ўсім свеце. Яны плануюць супрацоўнічаць, каб зменшыць залежнасць Еўропы ад паставак расійскіх энерганосьбітаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.