Ярмошына: Апазіцыя прапаноўвае ў выбаркамы эпатажных людзей (відэа)

Старшыня Цэнтравыбаркама Лідзія Ярмошына распавяла пра ўдзел прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчых камісіях. Інтэрв'ю прагучала ў праграме "Контуры" на тэлеканале АНТ.

Па словах чыноўніцы, у выбаркамы немагчыма набраць палову чальцоў камісіяў з апазіцыі — у апазіцыі проста не хапае людзей. "Нашы мясцовыя выканаўчыя органы не імкнуцца выконваць заяўкі апазіцыі. І я іх разумею, таму што большая частка тых, хто прэтэндуе на гэтыя месцы, — гэта, як правіла, гарадское эпатажнае асяроддзе, якое ўвесь час канфліктуе з уладай", — дадала Ярмошына.

Старшыня ЦВК адзначае, што гэтыя людзі добра вядомыя ў мясцовых выканаўчых органах. Прычым адносіны паміж уладай і гэтымі прадстаўнікамі апазіцыі даволі напружаныя. Па словах Ярмошынай выканкамы не хочуць мець каля сябе людзей, якія пастаянна будуць ціснуць "на ўсіх астатніх чальцоў камісіі, нармальных талерантных людзей, якіх ўгаварылі выканаць свае грамадскія абавязкі". Да таго ж, лічыць яна, прадстаўнікі апазіцыі ў такіх выпадках часцей займаюцца самапіярам.

Чыноўніца дадала, што ў апазіцыі ёсць талерантныя інтэлігентныя людзі, якіх уключаюць у выбаркамы. "Але адсотак, які задавальняе ўладу, не задавальняе апазіцыю. Але аддаць на водкуп працу выбарчых камісій людзям, якія не за што не адказваюць і якім выгадны скандал, — гэта таксама будзе недальнабачна, бо паставіць пад пагрозу арганізацыю выбарчай кампаніі", — мяркуе Ярмошына.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі