Ярмошына: На Караткевіч працавалі зусім розныя палітычныя сілы

Тэлеканал "Беларусь 1" увечары 23 жніўня паказаў інтэрв'ю старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай. Чыноўніца праналізавала, чаму Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін не змаглі сабраць 100 тысяч подпісаў выбарцаў, а Таццяна Караткевіч — змагла. Нагадаем, што гэта мінімальная колькасць подпісаў, неабходных для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты.

Ярмошына звярнула ўвагу на тое, што на Лябедзьку і Калякіна працавалі іх партыі — Аб'яднаная грамадзянская і Партыя левых "Справялівы свет", адпаведна. У Караткевіч жа была падтрымка шэрагу палітычных партый. "На Караткевіч працавалі зусім розныя палітычныя сілы", — перадае БелаПАН словы Ярмошынай.

На думку чыноўніцы, тое, што збор подпісаў ішоў пад бел-чырвона-белым сцягам, прыцягвала людзей, якія прытрымліваюцца падобных поглядаў, падобнай палітычнай арыентацыі.

Таксама Ярмошына адзначыла, што Караткевіч стала новым тварам у палітычнай кампаніі: "Маладая сімпатычная жанчына. Свежы твар, не звязаны са скандаламі, кампраматам. Яна яшчэ нікому не паспела надакучыць. Яна проста падабаецца людзям. Я думаю, што моладзі прыемна, што ў іх з'явіўся малады лідар, не звязаны са старой наменклатурай. І кампанію яна сваю праводзіла вельмі інтэлігентна: нікога не абвінавачваючы, нікога не абражаючы. У яе ўмераная рыторыка".

Разам з тым старшыня ЦВК заявіла, што Караткевіч з'яўляецца чальцом партыі, якая штурмавала Дом урада ў снежні 2010 года. Нагадаем, што Таццяна Караткевіч уваходзіць у Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамаду).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі