Ярмошына: Напісаць можна ўсё што заўгодна ў законе! Уся справа ў практыцы

130201_lukashuk_ermo6ina.mp3

Праводзіць рэферэндум дзеля таго, каб выканаць рэкамендацыю АБСЕ і пазбавіць Лукашэнку права прызначаць Ярмошыну, палічылі “немэтазгодным”. Такое рашэнне за зачыненымі дзвярыма ў кіраўніка краіны прынялі ўдзельнікі адмысловай нарады. Падрабязнасцямі нарады з Еўрарадыё дзеліцца старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.


Лідзія Ярмошына: “Амаль аднагалосна была адрынута мая прапанова аб наданні права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты грамадскім аб’яднанням”.


Так што ўдзельнічаць у выбарах “Белая Русь” не зможа.


Нечакана кандыдаты будуць пазбаўлены дзяржаўных грошай на выпуск улётак.


Лідзія Ярмошына: “…а гэтыя грошы пераразмеркаваць на выраб спецыяльнай друкаванай прадукцыі, якую будуць вырабляць выбарчыя камісіі і ўручаць выбаршчыкам”.


Затое памеры кандыдацкага фонду значна павялічваюцца, збіраць грошы дазволяць не ад пачатку вылучэння, а з моманту рэгістрацыі. А галоўнае — выбары пройдуць у адзін тур. Другога туру выбараў у нашай краіне шмат часу не бачылі. Цяпер не будзе нават тэарэтычна.


Лідзія Ярмошына: “Ужо ў першым туры будзе вызначацца пераможца — гэта будзе асоба, якая набрала больш за ўсё галасоў выбаршчыкаў у адносінах да сваіх канкурэнтаў. Нават калі гэта перавышэнне будзе ў некалькі галасоў і нават у адзін голас”.



ЦВК знайшла сродак “перакрыць кісларод” байкотчыкам. Норму аб праве на байкот выводзяць з выбарчага заканадаўства — байкатаваць будзе можна, але выключна ў межах закона “Аб масавых мерапрыемствах”. То бок з дазволу мясцовых уладаў.


Улады пагадзіліся нават з адной прапановай АБСЕ.


Лідзія Ярмошына: “Магчымасць судовага аспрэчвання адмены рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты, а таксама — папярэджанняў, якія былі яму вынесеныя выбарчымі камісіямі”.


Галоўная прапанова АБСЕ — неабходнасць пры падліку галасоў паказваць кожны бюлетэнь назіральнікам — не будзе прапісаная ў Выбарчым кодэксе. Бо гэта не гарантыя выканання. ЦВК абяцае прапаноўваць выбарчым камісіям лічыць галасы галосна.


Лідзія Ярмошына: “Напісаць можна ўсё што заўгодна ў законе! Уся справа ў правапрымяняльнай практыцы. І мы будзем на гэта ўпор рабіць (прапаноўваць так лічыць сябрам камісій. — Еўрарадыё) — у закон гэта ўносіцца не будзе пакуль”.



Прапанова АБСЕ пазбавіць кіраўніка краіны права прызначаць кіраўніцтва ЦВК нават не абмяркоўвалася. Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, гэта права прапісана ў Канстытуцыі. І ніхто не будзе праводзіць адмысловы рэферэндум, каб яе змяніць.


Каб пазбавіць чыноўнікаў райвыканкамаў права фармаваць участковыя выбарчыя камісіі, рэферэндум не трэба. Але і гэтую практыку мяняць не будуць. Маўляў, з-за таго, што партыі ў нас слабыя і яны не назбіраюць людзей на траціну складу для выбарчых камісій усіх узроўняў.


Канчатковыя прапановы па змене выбарчага заканадаўства ЦВК павінна да канца траўня накіраваць Аляксандру Лукашэнку на ўзгадненне. Каб ужо ў чэрвені дэпутаты парламента ўнеслі змены ў Выбарчы кодэкс.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі