Ярмошына паехала ва Узбекістан — будзе назіраць за выбарамі
Яна ўваходзіць у склад місіі назіральнікаў ад СНД.
Старшыня Цэнтрвыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына і сябра ЦВК Марына Рахманава едуць ва Узбекістан для назірання за прэзідэнцкімі выбарамі, якія адбудуцца ў гэтай краіне 29 сакавіка. Як паведаміў БелаПАН сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, Ярмошына сустрэнецца з калегамі з выбарчай камісіі Узбекістана, у часе якой абмяняецца меркаваннямі, падзеліцца ўражаннямі ад падрыхтоўцы да выбараў.
Ярмошына з’яўляецца не толькі запрошанай ад Цэнтрвыбаркаму Узбекістану, але і ўваходзіць у місію назіральнікаў СНД.
У сёлетніх выбарах прэзідэнта Узбекістану ўдзельнічаюць чатыры кандыдаты. Гэта прадстаўнікі ўсіх чатырох палітычных партый, якія афіцыйна зарэгістраваныя ў краіне: дзеючы прэзідэнт Іслам Карымаў (Ліберальна-дэмакратычная партыя), дэпутат парламента Акмаль Саідаў (нацыянальна-дэмакратычная партыя “Народнае адраджэнне”), Хатамжон Кетмонаў — старшыня цэнтральнай рады Народна-дэмакратычнай партыі і Нарымон Умараў — старшыня выканкаму Сацыял-дэмакратычнай партыі “Справядлівасць”.