Ярмошына: “Трэба рабіць выбары эфектыўнымі ― праводзіць іх хутка і эканамічна”
За Ганну Канапацкую з Аб’яднанай грамадзянскай партыі прагаласавалі толькі 23,7%, або 8603 чалавек. І яна становіцца дэпутатам. За Ірыну Дарафееву аддаюць свае галасы толькі 39,3% выбаршчыкаў, і яна трапляе ў Авальную залу. Такіх дэпутатаў “да 50%” у парламенце будзе 9 чалавек. Ці нармальна, калі палітыкі з такім узроўнем падтрымкі трапляюць у Палату прадстаўнікоў?
Раней такое было немагчыма, дэпутатам трэба было браць не менш за “50% плюс адзін голас”. Але гэтую норму прыбралі з Выбарчага кодэкса. І правільна зрабілі, хоць “сама мажарытарная сістэма абрання дэпутатаў прадугледжвае большасць падтрымкі з боку выбаршчыкаў”, кажа Еўрарадыё старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
Мы павінны жыць у рэальным свеце, а гэта азначае ― рабіць выбары эфектыўнымі. Гэта дае нам магчымасць выбары праводзіць хутка і дастаткова эканамічна
Лідзія Ярмошына прыгадвае, як у 1995 годзе, падчас выбараў дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13-га склікання, выбары ў парламент цягнуліся амаль год ― з мая 1995-га да лютага 1996 года. Бо кандыдаты не маглі набраць 50% плюс адзін голас.
Палітолаг Вячаслаў Бабровіч кажа, што абранаму такой колькасцю галасоў дэпутату давяраў бы.
Вячаслаў Бабровіч: “Бо іншага выйсця няма. Сапраўды, шмат хто не знаходзіць у спісе “свайго” кандыдата і таму галасуе супраць усіх. Адпаведна, у гэтай сітуацыі ў больш выйгрышным становішчы знаходзяцца кандыдаты ад “партыі ўлады”. І таму магу сказаць: асабіста ў мяне недаверу да кандыдатаў, якія прыйшлі ад апазіцыйных сіл у парламент, у гэтым сэнсе няма”.
Дэпутат парламента Вольга Палітыка, за якую прагаласавалі звыш 70%, супакойвае:
Вольга Палітыка: “Гэта ж не азначае, што да такога дэпутата будуць прыходзіць на прыём толькі гэтыя, да прыкладу, 35% выбаршчыкаў і ён будзе займацца праблемамі толькі гэтых 35%, якія за яго галасавалі. Не! Будзе займацца пытаннямі ўсіх жыхароў сваёй акругі. Адказнасць не змяншаецца прапарцыйна адсоткам”.
У намесніка старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча ёсць адказ на тое, як змяніць сітуацыю: “Хочам, каб калі-небудзь мы прыйшлі да выбараў па партыйных спісах”.
Як гэта ні дзіўна, але падтрымлівае палітыка ў гэтым і беспартыйны дэпутат Вольга Палітыка. Чаму ж дэпутаты самі не мяняюць выбарчую сістэму?
Не ўсё так проста, кажа старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Праўда, калі яна пачала тлумачыць, што ў гэтым складанага, сама заблыталася.
Лідзія Ярмошына: “Тут жа патрэбная не проста заканадаўчая ініцыятыва, хоць дэпутат з ёй і можа выступіць, ― тут патрэбна змена Канстытуцыі. І больш за тое ― патрэбнае правядзенне рэферэндуму. Хаця! Там выбарчая сістэма толькі… Там, напэўна, можна змяніць, трэба прааналізаваць, не рэферэндумам… Так! Раздзел 3 “Выбарчая сістэма” ― можна змяніць без рэферэндуму. Не… Тут у іх няма права на заканадаўчую ініцыятыву. Толькі па ініцыятыве прэзідэнта альбо не менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь”.
Ну, а пакуль маем тое, што маем. Таксама не набралі паловы галасоў выбаршчыкаў, але сталі дэпутатамі наступныя персоны: у Алены Анісім ― 40,5%, Валерыя Варанецкага ― 40,7%, Вольгі Мычко ― 43,3%, Максіма Місько ― 44%, Віталія Місяўца ― 45,7%, Аксаны Гайдук ― 47,8% , у Ігара Марзалюка ― 49,2%.