Ярмошына: Выбары — як жыццё. Мы ж ведаем, чым яно скончыцца
Кіраўніца Цэнтральнай выбарчай камісіі патлумачыла, чаму трэба праводзіць выбары прэзідэнта, нягледзячы на прадказальны вынік.
“Ведаеце, я ўвогуле не магу падумаць, што выбары можна адмяніць. Я юрыст, я выдатна ведаю, што законы павінны выконвацца… Якім бы прадказальным ні было наша жыццё (а ўсе мы ведаем, чым яно закончыцца), мы ж усё адно жывём. Так і выбары”, — заявіла Лідзія Ярмошына, адказваючы на пытанні журналістаў. Гэтая заява прагучала 14 траўня на пасяджэнні Цэнтравыбаркама.
Яна таксама дадала, што згодна з Канстытуцыяй Беларусі прэзідэнцкія выбары могуць быць адмененыя толькі ў выпадку вайны альбо ў выпадку надзвычайнага становішча. “Дзякуй богу, гэтага пакуль няма”, — кажа Ярмошына.
Яна таксама пацвердзіла, што найбольш верагоднай датай правядзення прэзідэнцкіх выбараў з’яўляецца 15 лістапада і выказала задавальненне тым, што ў кампаніі ў якасці кандыдатаў збіраюцца ўдзельнічаць жанчыны. “Я станоўча да гэтага стаўлюся, абсалютна пазітыўна. Жанчына — гэта такі ж чалавек, як і мужчына”, — паведаміла Лідзія Ярмошына. Яна таксама выказала ўпэўненасць, што ў будучыні прэзідэнтам Беларусі абавязкова стане жанчына. “Але гэта адбудзецца няхутка”, — удакладняе старшыня ЦВК.
Фота: tut.by