Ярыла на Інстытуце культуры будзе ў навушніках (фота)
Зорка іспанскага стрыт-арту Deih ператварае шэрую сцяну інтэрната №2 Універсітэта культуры ў твор мастацтва. Учора бліжэй да вечара стрыт-артар абазначыў контуры будучага насценнага жывапісу, а сёння перад вачыма мінчукоў ужо паўстае старажытны славянскі бог Ярыла. На "дэйхаўскім" Ярылу — навушнікі, у руцэ — сонца.
"У сваіх працах я перадаю свае эмоцыі і пачуцці і для гэтага выкарыстоўваю навуковую фантастыку, — тлумачыць мастак. — Мая мэта — змяшаць беларускія старажытныя гісторыі з уласным уяўленнем. Я хачу намаляваць Ярылу, які дае сонца, бо пачалася вясна, і пры гэтым выкарыстаць свой фантастычны стыль, каб паказаць сваё стаўленне да вобразу. Ярыла ўразіў мяне сваёй сілай і ўплывам на сонца".
Паралельна мастак вывучае беларускія арнаменты і сімвалы і не выключае, што яны з'явяцца не толькі ў межах мінскага муралу, але і на будучых замежных працах. Deih плануе скончыць "Ярылу" 22 траўня.