Яшчэ два гурты з Беларусі паедуць на "Be2gether 2010"

Абвешчаны поўны спіс удзельнікаў "Be2gether", які адбудзецца 25-27 чэрвеня каля літоўскага замка Нарвілішкес. На працягу трох дзён на фестывальных сцэнах можна будзе пабачыць каля 50 артыстаў  з розных краін свету. Да абвешчаных раней гуртоў з Беларусі Лявона Вольскага з новым альбомам "Белая яблыня грому" і  гурта Open Space — далучыліся два новых выканаўцы:  CherryVata і Akute.


Гурт CherryVata

Гурт CherryVata добра вядомы аматарам беларускай клубнай сцэны. Іх музыка — гарманічнае спалучэнне электронікі з жывымі інструментамі і вакалам, шматслойны кактэйль з адчуванняў і эмоцый, гукаў і настрояў, упрыгожаны элементамі nu jazz, reggae, dub, breakbeat, funk & rock. У актыве каманды два студыйных альбома і выступы на буйных фестывалях Беларусі, Расіі і Украіны.


Гурт Akute

Гурт Akute — новы праект экс-удзельнікаў магілёўскага гурта "Глюкі". Музыкі вызначаюць свой стыль, як "дыска-дэкаданс", а іх музыка цалкам адпавядае сучаснаму кантэксту інды-музыкі, створанаму такімі гуртамі, як Arctic Monkeys, The Killers і The Strokes. Дэбютны сінгл "Адзіноцтва" ўжо некалькі месяцаў знаходзіцца сярод лідэраў хіт-параду "Тузін гітоў".

На фестывалі  таксама выступяць лепшыя прадстаўнікі сучаснай літоўскай музыкі. Гледачы змогуць пабачыць і пачуць спявачку Аліну Арлову, поп-рок-гурт Biplan, рокераў I.R., электроншчыкаў HappyEndless, поп-эксперыментатараў Skamp, модэрн-джаз-праект BrassBastardz, музычна-акрабатычнае шоу Instrumenti і шмат іншых удзельнікаў.



Да хэдлайнераў фэсту днямі далучыўся сусветнавядомы бітбоксер Killa Kela (Вялікабрытанія). Нагадаем, што музычную праграму фестывалю "Be2gether" у гэтым годзе ўзначаляць Skunk Anansie (Вялікабрытанія), Empire Of The Sun (Аўстралія), Roots Manuva (Вялікабрытанія), WhoMadeWho (Данія), Гайдамаки (Украіна), Casiokids (Нарвегія), Bauchklang (Аўстрыя), "Рубль" (Расія), Crystal Fighters (Іспанія). 

Як і ў мінулым годзе, на фестывалі усталююць дзве галоўныя сцэны, сцэну для маладых гуртоў і танцавальную палатку. Гледачоў таксама чакае шмат забаваў: горад з гліны, касмічны валейбол, вяселлі, тэатр і выяўленчае мастацтва. 

Нагадаем таксама, што ехаць на "Be2gether з сябрамі танней: групавыя квіткі каштуюць 185 тыс.руб., для студэнтаў  – 200 тыс. руб. (па пасведчанні), для астатніх — 250 тыс.руб. У продажы ў грамадскіх распаўсюднікаў, а таксама праз сістэму TicketPro. Замова квіткоў і даведка па тэлефонах (029) 6 5555 96, (033) 6 5555 96. 

Бясплатныя  візы выдаюцца толькі па набытых у  Беларусі квітках. Для падачы дакументаў у амбасаду кажны квіток трэба зарэгістраваць на сайце www.b2g.lt Падрабязная інфармацыя пра візы на сайце "Лініі гуку"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі