“Ёсць ВНУ, дзе не сустрэнеш агіткі”: студэнты распавялі пра “ідэалагічную працу”

“Мяне ня трэба прымушаць любіць Радзіму. Я яе і так вельмі люблю, стараюся рабіць усё, што ад мяне залежыць” / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
“Мяне ня трэба прымушаць любіць Радзіму. Я яе і так вельмі люблю, стараюся рабіць усё, што ад мяне залежыць” / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Як праходзіць “ідэалагічная праца” ў беларускіх ВНУ і ці замяніла ідэалогія навучальны працэс? Еўрарадыё звярнулася да студэнтаў і папрасіла распавесці, як змянілася сітуацыя з 2020 года.

Коратка — не ўсё так дрэнна. А падрабязней чытайце ў расказах нашых суразмоўнікаў.
 

“Толькі адзін раз прыходзіў нейкі ваенны”

Наш суразмоўнік Кірыл [імя змененае] вывучае замежныя мовы ў адным з беларускіх ВНУ. Ён кажа, што ўся ідэалагічная падрыхтоўка абмяжоўваецца нешматлікімі мерапрыемствамі па інфармацыйнай бяспецы.

— Я магу распавесці толькі пра свой вопыт: нічога не змянілася з 2020 года. Студэнты адсядзелі інфармацыйную гадзіну — і разыходзяцца. Праводзяць гэтыя мерапрыемствы звычайныя міліцыянты, але хадзіць туды ніхто не прымушае.

Мабыць, толькі адно мерапрыемства было пра геапалітычную абстаноўку, на якое запрасілі нейкага ваяку. Але не ведаю, пра што казалі, не прысутнічаў.

Кірыл кажа, што ходзяць на такія мерапрыемствы “толькі самыя адказныя”. То бок, па некалькі чалавек з групы, “каб на групу не злаваліся”.

“Ёсць ВНУ, дзе не сустрэнеш агіткі”: студэнты распавялі пра “ідэалагічную працу”
Міліцыя Мінска на класнай гадзіне ў падлеткаў / фота прэс-службы сталічнай міліцыі

А ці можа такое наведванне паўплываць на “зніжкі” пры выстаўленні рахункаў за навучанне? Наш суразмоўнік кажа, што не.

— У гэтам пытанні ўсё рэгулюецца нарматыўнымі дакументамі, таму не. Рэпрэсій у маім ВНУ няма, і гэта добрая навіна.
 

“Не павінна быць палітычнай афарбоўкі ні ў адзін з бакоў”

Нашая суразмоўніца Марыянна [імя змененае] пагадзілася распавесці, як праходзіла адукацыя патрыятызмам у БДУ.

— Калі казаць пра “ідэалагічныя заняткі”, дык часцей за ўсё гэта былі нейкія акцыі ад БРСМ, куды студэнтаў запрашалі “пастаяць – пакрасавацца” за нейкія грошы. Такі "суботнік".

Але нікога хадзіць туды не прымушалі. На гэтыя суботнікі хадзілі напэўна толькі тыя, каму час няма на што марнаваць. Ці тыя, хто хоча нейкае месца ў студсаюзах ці прафбюро атрымаць. Сярод маіх сяброў і знаёмых нікога такога ня ведаю.

Марыянна кажа, што стыпендыяй за адсутнасць наведвання такіх “суботнікаў” таксама не шантажавалі. І ўпэўненая, што сам БРСМ агулам асуджаць не варта.

— Сярод іх ведаю людзей, якія сапраўды робяць сваю працу не па палітычных поглядах.

Мы пытаемся, ці дадалося “ідэалагічнага кантэнту” на звычайных парах. Наша суразмоўніца адказвае, што выкладчыкі збольшага ўвогуле на закранаюць тэмы палітыкі. Праблемы ў БДУ на тым факультэце, дзе вучылася дзяўчына, узнікаюць пераважна з адміністрацыяй.

“Ёсць ВНУ, дзе не сустрэнеш агіткі”: студэнты распавялі пра “ідэалагічную працу”
Універсітэт / pixabay

— Праблема ў тым, што адміністрацыя ніколі не заступалася за студэнтаў. Толькі наведваецца на пары, каб данесці нейкую інфармацыю, дадаючы ў канцы "ой, вось такі час, ведаеце". Насамрэч гаворка нават ідзе пра вельмі канкрэтныя імёны з ліку адміністрацыі, пра людзей, якіх цікавяць толькі пасады і грошы.

І студэнты на такі ціск таксама рэагуюць па-рознаму. Ёсць тыя, хто пагаджаецца выдаляць свае подпісы пад петыцыямі і допісы ў сацсетках, “каб стыпендыю захаваць". Прытым здараецца, што гэта робяць і беларускамоўныя студэнты, якія заўсёды падтрымлівалі беларускую мову/культуру.

Марыянна кажа, што не ва ўсіх беларускіх ВНУ сітуацыя аднолькавая. І параўновае з іншымі установамі, дзе вучацца яе сябры.

— У Мінску ёсць тыя ВНУ, дзе наогул не сустрэнеш ніякай агіткі, а толькі павагу да студэнтаў. Дзе-нідзе нават гурткі беларускай мовы спакойна сабе дзейнічаюць, нікога пакуль не кранаюць. Сябры распавядаюць, што калі прыходзіць міліцыя, дык распавядае пра наркотыкі і булінг, і на парах па гісторыі таксама ўсё ў межах адэкватнасці.
 

Back to USSR?

У праграме беларускіх ВНУ на 2022/2023 навучальны год ёсць два курсы, абавязковыя для ўсіх спецыяльнасцяў — гэта “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці” і “Сучасная палітэканомія”. Але наш суразмоўнік Кірыл кажа, што ніякую палітэканомію яму не выкладаюць.
“Гісторыя беларускай дзяржаўнасці” сапраўды выкладаецца ў малодшых курсаў, як і шмат год да гэтага. Але ёсць дзве папраўкі. Раней гэты курс чыталі толькі для студэнтаў гуманітарных спецыяльнасцяў, а цяпер ён стане абавязковым для ўсіх. Да таго ж, сёлета дзеля гэтага прадмета распрацавалі адмысловы абноўлены падручнік.
 

“Не трэба ніякай палітычнай афарбоўкі — ні ў адзін з бакоў”

А ўвогуле ці такая дрэнная ідэя «патрыятычнага выхавання» ў ВНУ? Мы пытаемся ў Марыянны, як на яе погляд павінна ладзіцца такая праца, каб студэнты сапраўды «радзіму любілі».

— Мяне ня трэба прымушаць любіць Радзіму. Я яе і так вельмі люблю, стараюся рабіць усё, што ад мяне залежыць. Я лічу, што ўніверсітэт — гэта не месца для палітыкі. Свой погляд мець можна, канешне, але не рабіць з кожнай сітуацыі нешта страшэннае, старацца  разумець і выкладчыкаў дзесьці, і БРСМ.

Меньш "прымушалаўкі", больш мерапрыемстваў пра мову і культуру краіны — гэта сёння моладзь цікавіць (тыя ж гурткі, клубы і г.д. па ініцыятыве студэнтаў). Я заўсёды за тое, каб мерапрыемствы нейкія рабіліся якасна, тады і цікава становіцца. Ну і ніякай палітычнай афарбоўкі — ні ў адзін з бакоў.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі