Юрыста з Літвы, які перадаваў звесткі КДБ, арыштавалі па падазрэнні ў шпіянажы
Літоўская паліцыя / bns.lt
Праваахоўнікі Літвы афіцыйна пацвердзілі, што юрыст Мантас Данелюс арыштаваны і яго падазраюць у шпіянажы, перадае BNS. Юрыста арыштавалі на два месяцы.
"Мы можам пацвердзіць, што гэты чалавек затрыманы, ён падазраецца ў шпіянажы", — заявіў прадстаўнік паліцыі Рамунас Матоніс.
Ён дадаў, што каментаваць расследаванне пакуль не можа, каб не нашкодзіць.
Як распавядала Еўрарадыё, пра затрыманне Данелюса неафіцыйна стала вядома напярэдадні. Раней юрыст укараняўся ў арганізацыі беларускіх палітуцекачоў у Вільні, прапаноўваў ім юрыдычную дапамогу, а потым перадаў звесткі беларускай прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай, якую называў супрацоўніцай КДБ.
Вядома, што менавіта Данелюс арганізаваў здымкі інтэрв'ю з былым байцом палка Каліноўскага — нібыта для амерыканскай амбасады. У выніку ён перадаў інтэрв'ю Ксеніі Лебедзевай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.