Юрый Шаўцоў: Як максімум Беларусь выйдзе з Будапешцкага мемарандуму

Цалкам размову з Юрыем Шаўцовым можна паслухаць тут:120316 Shaucou s.mp3

Еўрарадыё: Ці вернуцца амбасадары ў бліжэйшы час?


Юрый Шаўцоў: Яшчэ не факт, што яны вернуцца. Пасля таго як беларускі МЗС не ўхваліў іх вяртання да 23 сакавіка – такое вяртанне было б вельмі дэманстратыўным антыбеларускім актам.

Еўрарадыё: Ці варта ўспрымаць такі крок як слабасць Еўрасаюза? Ці ўсё ж гэта чарговы наступ падчас дыпламатычнай вайны?


Юрый Шаўцоў: Усё ў рэшце рэшт звязанае з тым, якое рашэнне прыме Еўрасаюз па санкцыях. Калі рашэнне будзе прынятае, тады мы зможам сказаць больш акрэслена, што можа азначаць гэты канкрэтны эпізод з вяртаннем амбасадараў. Зараз мы можам толькі гадаць.

Еўрарадыё: Як, на вашую думку можа зараз развівацца сітуацыя?


Юрый Шаўцоў: Мне здаецца, што хутчэй за ўсё істотных эканамічных санкцый не будзе, такіх, якія можна было б ацэньваць як пагрозу нейкім стратэгічным пазіцыям Беларусі. То бок перш за ўсё не будзе скарачэння беларускага экспарту нафтапрадуктаў у Еўропу. Але могуць быць нейкія кропкавыя санкцыі, як кажуць у Еўрасаюзе, кшталту тых, якія ўведзеныя Злучанымі Штатамі ў адносінах да Беларусі. Яны не маюць занадта вялікага эканамічнага ўздзеяння на Беларусь, але адкрываюць магчымасць увядзення ўсё новых і новых санкцый у будучыні. Мне здаецца, што ўвесь канфлікт зараз ідзе вакол такой праблемы.

Еўрарадыё: Як паведамляе Франс-Прэс, Кэтрын Эштан лічыць, што прасцей каб амбасадары вярнуліся да 23 сакавіка, а Мінск хоча, каб амбасадары вярнуліся пасля гэтай даты, каб пабачыць, якія санкцыі будуць прынятыя. Калі ўсё ж нейкае пашырэнне санкцый зараз адбудзецца, што можа зрабіць Беларусь?


Юрый Шаўцоў: Няясна, што за санкцыі могуць быць уведзеныя, і ці будуць яны ўведзеныя ўвогуле. Калі будуць уведзеныя вельмі жорсткія эканамічныя санкцыі, тады мы будзем мець поўнамаштабны дыпламатычны канфлікт паміж Беларуссю, а таксама Расіяй, і Захадам вакол гэтых санкцый. Як максімум у самай радыкальнай стадыі гэта можа прывесці да таго, што Беларусь выйдзе з Будапешцкага мемарандуму 1994 года, у якім у абмен на адмову ад валодання ядзернай зброяй Беларусь атрымала гарантыі бяспекі з боку Вялікабрытаніі, Злучаных Штатаў і Расіі. У гэтым мемарандуме прапісана асобным радком, што не могуць быць уведзеныя эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, і што краіны-гаранты гэта гарантуюць. Дык вось, максімальнае што можа адбыцца на мой погляд – гэта выхад Беларусі з гэтага пагаднення, і такім чынам у пэўным сэнсе будзе закранутая сістэма ядзернай бяспекі на постсавецкім абшары. Пачнуцца бясконцыя перамовы паміж Беларуссю і Расіяй пра ўвод расійскіх ядзерных сілаў на тэрыторыю Беларусі ці яшчэ штосьці такога кшталту. Гэта будзе нерваваць міжнародную сітуацыю досыць істотна. Але я не думаю, што да гэтага можа дайсці.

Еўрарадыё: Мабыць і Расія на гэта не пойдзе?


Юрый Шаўцоў: Няма ўвогуле ніякіх падставаў для такога істотнага канфлікту вакол Беларусі.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, можа Мінск штосьці паабяцаў Брусэлю?


Юрый Шаўцоў: Хутчэй за ўсё як звычайна. Любы ціск з боку Захаду на Беларусь, які праходзіць мяжу эканамічных санкцый, хай і невялікіх, падштурхоўвае Беларусь да больш хуткіх інтэграцыйных крокаў на Усходзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі