Юрый Зісер: Дзіўна, калі рыхтуюць закон таемна
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у сераду прынялі важныя папраўкі ў закон аб СМІ адразу ў двух чытаннях.
17 снежня Мініфармацыі ўнесла на разгляд ў Палату прадстаўнікоў папраўкі ў закон аб сродках масавай інфармацыі. У прыватнасці, змены прыраўнялі інтэрнэт-сайты да СМІ, цяпер яны патрапляюць пад закон аб сродках масавай інфармацыі і могуць быць зачыненыя, калі маюць два пісьмовыя папярэджанні ад міністэрства.
Дэпутаты прынялі папраўкі адразу ў двух чытаннях. Такая паспешнасць вельмі здзіўляе, бо другое чытанне акурат існуе для таго, каб быў час абмеркаваць праект і ўнесці прапановы.
Сайт tut.by — адзін з буйных інтэрнэт-СМІ краіны. Яго заснавальнік Юрый Зісер у каментары Еўрарадыё кажа, што нават на ўзроўні чутак інфармацыя пра падрыхтоўку такіх зменаў не даходзіла да іх.
Зісер: "Гэта лішні раз даказвае, што баяліся рэакцыі грамадства, а значыць разумелі, што нешта робяць не так. Вельмі здзіўляе паспешнасць і таемнасць падрыхтоўкі і прыняцця, адсутнасць грамадскага абмеркавання. Тое, што яго зацвердзілі ў Беларускім саюзе журналістаў, я думаю, калі б гэта сапраўды там абмяркоўвалася, то прасачылася б хоць нейкая інфармацыя. Калі рыхтуюць закон у таямніцы, гэта дзіўна. Нібыта, аперацыя супраць ворагаў, але закон рэгулюе не ворагаў, а айчынныя медыя".
Такая сітуацыя, на думку Зісера, можа паставіць у няроўныя ўмовы беларускія і замежныя сайты, якія маюць папулярнасць сярод беларусаў. Бо ўсе сайты даступныя аднолькава і нельга кантраляваць толькі беларускія, бо замежныя усёроўна застануцца без кантролю.
Зісер: "Цяпер яны павінны не толькі выконваць законы, tut.by іх і так выконвае, а старацца дагадзіць чыноўнікам усіх узроўняў. Калі некаму нешта не спадабаецца, то могуць зачыніць. Мне падаецца, што замежныя медыя больш небяспечныя. Чым мацнейшыя айчынныя СМІ, тым лепш для краіны".
Фота — Fotolia