З 11 снежня Беларуская чыгунка ўводзіць новы графік руху цягнікоў
З 11 снежня Беларуская чыгунка ўводзіць новы графік руху цягнікоў. Ён разлічаны на 2016-2017 гады.
Як інфармуе прэс-служба Беларускай чыгункі, прадугледжана курсіраванне 36 пар цягнікоў гарадскіх ліній па маршрутах Мінск — Беларусь, Мінск — Рудзенск, Мінск — Смалявічы. У рэгіянальных зносінах з 11-га снежня будзе 21 пара цягнікоў бізнес-класа і 340 пар цягнікоў эканомкласа. У міжрэгіянальных зносінах запланавана курсіраванне 42 пар цягнікоў (сярод іх — 4 цягнікі эканомкласа пераведзены ў катэгорыю бізнес-класа).
Плануецца зрабіць хуткімі і камфортнымі паездкі як паміж сталіцай і абласнымі цэнтрамі, так і паміж вялікімі гарадамі нашай краіны. Па маршруце Гомель — Магілёў будзе курсіраваць цягнік бізнес-класа (№ 720/719), які заменіць цягнік эканомкласа (№ 654/653). Пасля завяршэння прыёмачных выпрабаванняў і гатоўнасці да эксплуатацыі камфартабельных дызель-цягнікоў, якія паступілі ў другой палавіне 2016-га, замест цягніка эканомкласа № 645/646 Віцебск — Магілёў будзе прызначаны цягнік бізнес-класа № 705/706, маршрут якога прадоўжаны да Полацка. Гэтыя цягнікі будуць курсіраваць штодзень.
На напрамку Мінск — Гомель на пастаяннай аснове прадугледжана курсіраванне цягніка бізнес-класа № 716/715. Запланаванае курсіраванне новага цягніка № 717/718 Гомель — Мінск па пятніцах і нядзелях, па перадвыхадных і святочных днях. З 11 снежня электрацягнікі міжрэгіянальных ліній бізнес-класа № 707/708 Гомель — Мінск і № 710/709 Мінск — Гомель будуць курсіраваць у пятніцы, выхадныя, перадсвяточныя і святочныя дні здвоеным саставам (14 вагонаў). Адзначаецца, што рашэнне прынятае для задавальнення попыту пасажыраў на гэтым напрамку.
У міжнародных зносінах Беларускай чыгункай у графіку на 2016-2017 гады прадугледжана курсіраванне 56 пар цягнікоў. 36 з іх — фарміравання БЧ і 20 пар цягнікоў — фарміравання іншых чыгуначных адміністрацый. Будуць захаваны дзеючыя маршруты да Чарнаморскага ўзбярэжжа (у Адлер, Анапу, Новааляксееўку, Адэсу, Сочы і Херсон). У новым графіку па асобных перыядах павышанага попыту вызначаны цягнікі ў зносінах з Расіяй — № 50/49 Брэст — Санкт-Пецярбург, № 78/77 Гродна — Масква, № 132/131 Брэст — Масква. Гэтыя цягнікі будуць курсіраваць штодзень з 22 снежня 2016 года да 9 студзеня 2017-га, у 2017 годзе — з 23 сакавіка па 3 красавіка, з 27 красавіка да 10 траўня, з 1 чэрвеня да 31 жніўня, з 26 кастрычніка да 8 лістапада.