А з Канстанцыяй Буйло — было? 10 муз Янкі Купалы

А з Канстанцыяй Буйло — было? 10 муз Янкі Купалы

І гэта пра Янку Купалу — франта, таленавітага паэта, рэдактара галоўнай беларускай газеты пачатку ХХ стагоддзя! Па ўспамінах сучаснікаў, Купала быў самым галантным кавалерам з тагачасных пісьменнікаў. І раптам — мала рамантыкі! З дапамогай літаратуразнаўцы Ганны Севярынец, супрацоўніка музея Янкі Купалы ў Мінску Паўла Каралёва і паэта Уладзіміра Някляева Еўрарадыё шукае муз, якія натхнялі паэта на вершы пра каханне.

1908-1909 гады. Вільня

Марыя Іваноўская

А з Канстанцыяй Буйло — было? 10 муз Янкі Купалы
Марыя Іваноўская. Фота з Вікіпедыі

Марыя Іваноўская — паэтка (пісала з сястрой пад псеўданімам Лаздзіну Пяледа, што значыць “Сава з арэшніка”), жонка паплечніка Янкі Купалы па “Нашай Ніве” Вацлава Ластоўскага. Яна была на 10 гадоў старэйшай за паэта. Янка называў Марыю “мудрая мая арэшнікавая совачка”.

Канстанцыя Буйло распавядала, што Іваноўская была нешчаслівая з Ластоўскім. У іх было двое дзяцей. Ёсць версія, што адно з іх Марыя нарадзіла менавіта ад Янкі Купалы, і ў Літве сёння жыве ўнук паэта.

Паўліна Мядзёлка

А з Канстанцыяй Буйло — было? 10 муз Янкі Купалы
Паўліна Мядзёлка

17-гадовая Паўліна Мядзёлка пазнаёмілася з Янкам Купалам у гасцях у агульных знаёмых. “Мне адкрыў дзверы малады мужчына. Ён быў у камізэльцы, рукавы белай кашулі закатаныя, высокі цвёрды каўнерык ад манішкі падпіраў падбародак, светлыя валасы, яшчэ мокрыя, гладка прычэсаны”, — такім дзяўчына ўпершыню ўбачыла паэта.

Яна ўяўляла Янку Купалу сур’ёзным чалавекам, які піша сур’ёзныя вершы. А тут нейкі жартаўнік: вусікі, каўнерык і вядзе несур’ёзную гутарку, як звычайны хлопец. “У Вільні шмат прыгожых дзяўчат?” — запытаўся Купала. Мядзёлка расчаравалася.

"Купала мог цікавіцца ў дзяўчат: “А ці добры ў цябе пасаг? Ці дадуць карову?”,  быў вельмі гумарны. З іншага боку, ён саромеўся танцаваць, і, па ўспамінах жонкі, ніхто, акрамя Цёткі, не мог яго прымусіць гэта рабіць", — распавядае Павел Каралёў.

Уладзіслава Станкевіч

А з Канстанцыяй Буйло — было? 10 муз Янкі Купалы

У гэты ж “Віленскі” перыяд Янка Купала пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, Уладзіславай Станкевіч. Спачатку паэт не спадабаўся Уладзіславе Францаўне: маўляў, нейкі сялянскі хлопец.

Брат Уладзіславы, Вікенцій, працаваў у Чаховічаў, у якіх Купала ў свой час браў кнігі. Ён пісаў: “Тут мне адкрыўся скарб”. Ёсць звесткі, што Купала ездзіў да Вікенція Станкевіча гасцяваць. Магчыма, там была і Уладзіслава.

Разам з Уладзіславай Станкевіч Купала хадзіў на прэм’еру спектакля “Снег” Пшыбышэўскага. Пасля спектаклю правёў яе дадому і вярнуўся да сяброў. Але быў такі чырвоны, што яны падумалі, што ён быў выпіўшы. Зладзілі яму ідэалагічную хвілінку, маўляў, кепска піць. А ён проста быў такі пунсовы пасля спаткання. Маўчаў, потым сеў нешта пісаць. Напрыкацы прачытаў верш “Снег”, які лічыцца ўзорам любоўнай лірыкі. На наступны дзень даслаў гэты верш з кветкамі разам з кур’ерам Уладзіславе.

Цікава, што нявеста Янкі Купалы таксама пісала вершы і друкавала іх у “Календарах Нашай нівы”. Паэт складаў ёй вершаваныя адказы. Купала прысвяціў Уладзіславе мінімум тры вершы: “Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея”, “Успомні”, “Мусіць, трэба было”. Калі чытаеш верш, не разумеючы кантэксту, што гэта адказ на верш Уладзіславы, думаеш, што гэта зусім не рамантычны, а сур’ёзны твор.

1909-1913. Пецярбург

Зноў Паўліна Мядзёлка

А з Канстанцыяй Буйло — было? 10 муз Янкі Купалы
Паўліна Мядзёлка кахала Купалу ўсё жыццё

У 1912 годзе Купала піша камедыю “Паўлінка” і прапаноўвае сыграць галоўную ролю Паўліне Мядзёлцы, якая таксама ў той час вучыцца ў Пецярбургу. Паўліна пагаджаецца. Аднак падчас рэпетыцый высвятляецца, што Мядзёлка не ўмее цалавацца. “Вы ненатуральна цалуецеся на сцэне, давайце пакажу!” — прапаноўвае Купала актрысе. Увечары ідзе ў госці да Паўліны. Але яна яго праганяе. Маўляў, не патрэбныя мне твае ўрокі.

Пасля прэм’еры спектакля публіка вітае Мядзёлку авацыямі. Узрушаны Купала кідаецца на сцэну і моцна абдымае Паўліну, а потым праводзіць актрысу дадому, “закаханы ў яе без памяці”. “І болей нічога не было”, — напіша потым Мядзёлка ў мемуарах “Сцежкамі жыцця”.

1914-1916. Вільня-Масква

Паўліна супраць Уладзіславы

А з Канстанцыяй Буйло — было? 10 муз Янкі Купалы
Янка Купала з жонкай Уладзіславай Францаўнай і доктарам Сямёнам Жывапісцавым

У 1914 годзе ў віленскай кавярні “Чырвоны штраль” Купала прапануе Паўліне Мядзёлцы выйсці за яго замуж. Але Мядзёлка адмаўляе паэту. Кажа, што яе сэрца належыць іншаму.

“Было мне тады ўсяго 20 гадоў. Жадала далей вучыцца. I хоць я кахала яго, мне думалася, што патрэбны час, каб праверыць нашы пачуццi”, — праз дзесяцігоддзі прызнецца актрыса.

У тым жа 1914 годзе Купала, адрынуты Паўлінай, піша верш “Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея”, прысвечаны Уладзіславе Станкевіч. А ў 1916 вянчаецца з ёю.

“Пра адносіны Купалы і Уладзіславы ва ўспамінах сучаснікаў амаль няма тонкіх рэчаў, праз якія можна было б меркаваць пра глыбіню кахання гэтага мужчыны да гэтай жанчыны. Тое, што ён ажаніўся з ёй, не азначае, што гэта было каханне, якое звязвае людзей назаўсёды. Але тое, што ён да канца быў з ёй, кажа пра адваротнае”, — кажа Уладзімір Някляеў.

“Уладка казала мне, што яна вельмі шчасліва з Янкам, што ў душы яго ёсць шчырыя і добрыя “закамаркі”, што жыць з ім добра. Ен атуліў яе, адзінокую, на чужбіне падмогай і апекай і ўрэшце яны вырашылі пажаніцца”, — пісала Канстанцыя Буйло.

Ганна Севярынец падкрэслівае, што пасля смерці Янкі Купалы былі людзі, якія сачылі за тым, каб яго архіў і ўспаміны пра яго засталіся ў максімальна адцэзураваным выглядзе. Жонка паэта таксама мела свой погляд на тое, якой павінна захавацца памяць пра Купалу і ўзгадкі пра яго прыватнае жыццё.

А з Канстанцыяй Буйло — было? 10 муз Янкі Купалы
Канстанцыя Буйло і Уладзіслава Луцэвіч

Хто яшчэ быў музай Янкі Купалы? Вернемся ў час, калі паэт ужо апублікаваў першыя вершы, але яшчэ не пераехаў у Вільню.

1906. Яхімоўшчына

У 1906-1907 гадах Янка Купала працаваў на вінакурні ў Яхімоўшчыне, што ў 20 км ад Маладзечна. Будынак завода захаваўся да нашых дзён, там цяпер музей. Там паэт закахаўся ў дзяўчыну, якую звалі Эмілія. У 1906 годзе ён пісаў:

“І соладка сэрцам сваім не раз чую,
Што я не жадаю цябе, а люблю.
Люблю, як сястрыцу сваю дарагую,
Шаную, як родную матку сваю”.

1905-1908. Ніжні Сноў

У Ніжнім Снове (сёння аграгарадок Сноў) Купала працаваў на вінакурні памешчыка Гартынга. Пра прыгажуню, якую ён там сустрэў, паэт піша, што “першы раз усур’ёз закахаўся”. У вершы “На адвітанне” паэт пісаў ёй:

“Яшчэ раз будзь шчасліва, дзяўчынка,
Хоць не лёгка нам шчасця спаткаць!
Я ж адзін, як над рэчкай вярбінка,
Буду жыць і цябе ўспамінаць.

І на памяць, што ў сэрцы мне ўскрэсне,
Чым я жыў так і мучыўся чым,
Злажу самую лепшую песню
Аб табе і каханні тваім”.

Што праўда, імені прыгажуні ў біяграфіі Янкі Купалы не засталося.

Прыкладна з 1907 года

Канстанцыя Буйло пазнаёмілася з Янкам Купалам яшчэ 14-гадовай дзяўчынай, гэта было прыкладна ў 1907 годзе. Паэтка сябравала з ім, а пасля вельмі здружылася з Уладзіславай Францаўнай.

Ці былі ў Янкі Купалы рамантычныя адносіны з Канстанцыяй Буйло, гэта нявырашанае пытанне. Але сяброўства з ёй дакладна было для яго вельмі важным. У 1914 годзе, калі шмат часу ў Купалы адбірала рэдагаванне “Нашай Нівы”, ён усё ж знайшоў магчымасць, каб дапамагчы Канстанцыі Буйло скласці і адрэдагаваць яе зборнік “Курганная кветка”.

Купала і Буйло пабраліся шлюбамі ў адным і тым жа 1916 годзе. Яе мужам стаў шляхціц Віталь Калечыц з-пад Мінска. Пасля яго арышту ў 1933 годзе Янка Купала і Уладзілава Францаўна сталі адзінымі, хто не адрынуў літаратарку.

1937-1941. Грузія

А з Канстанцыяй Буйло — было? 10 муз Янкі Купалы
На гэтым фота Янка Купала сядзіць ля Эліко Мэтэхелі. Фота "Радыё Свабода"

У 1937-1941 гадах Купала штогод наведваў Грузію: аздараўляўся ў санаторыі на курорце Цхалтуба. Галоўнай доктаркай санаторыя была 26-гадовая Эліко Мэтэхелі. Паміж ёй і 55-гадовым паэтам узнікла “платанічнае каханне”. Ён пісаў ёй лісты і прысвячаў вершы. Вось адкуль у творчасці паэта ўзяўся верш, напрыклад, “Генацвале” (у даслоўным перакладзе з грузінскай — “чалавек, за якога я гатовы аддаць жыццё”).

“Ты лячыла ўсмешкай мілай,
Твае лекі чаравалі,
Сны чароўныя будзіла
Ты, грузінка, генацвале.

Эліко, маё світанне,
Смутна зоркі мне міргалі...
“Суліко” на адвітанне
Праспявай мне, генацвале!”

“Я ведаю, што генацвале мяне чакае ў Цхалтуба”, — распавядаў паэт сябрам, хаця ў Мінску яго чакала Уладзіслава Францаўна. Дарэчы, пазней Эліко стала жонкай прэм’ер-міністра Грузіі Гіві Джавахішвілі.

1939. Масква і Санкт-Пецярбург

У 1939 годзе Купала атрымаў у Крамлі ордэн Леніна. Уладзімір Някляеў кажа, што ёсць звесткі, што Купала закруціў раман з адной акцёркай, з якой пазнаёміўся падчас цырымоніі ўзнагароджання. А яшчэ раней, у Пецярбургу, меў рамантычныя стасункі “з жанчынай, якая стала потым жонкай аднаго з кіраўнікоў Беларусі”.

1941. Вільня

А з Канстанцыяй Буйло — было? 10 муз Янкі Купалы
Зорка польскай аперэты Hanka Ordonówna. Фота Chordify

У 1941 годзе Купала разам з Якубам Коласам і партрыйным дзеячам Цімафеем Гарбуновым паехалі ў Вільню вяртаць у Мінск музей Івана Луцкевіча. Там яны наведалі тэатр польскай аперэты, дзе выступала польская спявачка Ганка Ардануўна (Hanka Ordonówna).

“Наш Янка Купала як галантны кавалер ўсю сваю ўвагу аддаў гэтай параўнальна яшчэ маладой акторцы ... Яна як птушачка пачала спяваць яму нешта, садзілася да яго на калені, цалавала нашага старога, і ён, здавалася, памаладзеў на шмат-шмат гадоў”, — напіша потым Гарбуноў. Дагэтуль Ганка з Купалам перасякаліся ў 1926 і 1935 гадах у Славакіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі