З мінскага метро прыбралі рэкламу канцэрта Лявона Вольскага ў Вільні
Адзін дзень пратрымалася ў мінскім метро рэклама канцэрта Лявона Вольскага ў Вільні. У пятніцу 31 сакавіка яе размясцілі на ўваходзе на станцыю “Кастрычніцкая”. У суботу, 1 красавіка ў канцы дня яе ўжо не было.
“Рэклама была размешчана па ўсіх правілах — папярэдняе ўзгадненне макета і 100% перадаплата за два тыдні. Але ўвечары 1 красавіка яе ўжо не было. Аналагічная сітуацыя з другім шчытом на станцыі “Няміга”. З пункту гледжання логікі сітуацыя абсурдная. Мы будзем дамагацца тлумачэнняў”, — распавёў арганізатар канцэрту Зміцер Каспяровіч.
На днях арганізатары канцэрту Лявона Вольскага ў Вільні паведамілі, што перададуць 50 бясплатных запрашальных квіткоў для тых, каму былі прысуджаны адміністрацыйныя арышты за ўдзел у акцыі на Дзень Волі. Звяртацца да арганізатараў па запрашэнні трэба да 15 красавіка.
Вялікі сольны канцэрт Вольскага мае адбыцца 8 траўня ў віленскім клубе Vakaris Vilnius. Музыка разам з беларуска-нарвежскім калектывам прадставіць 2,5-гадзінную праграму “172”— ад гурту “Мроя” да альбома “Псіхасаматыка”. У беларусаў ёсць магчымасць атрымаць бясплатныя візы.