З Польшчы дэпартавалі беларуса, якому на радзіме пагражае палітычны пераслед

Дзмітрый Смактуновіч на нейтральнай паласе

Дзмітрый Смактуновіч на нейтральнай паласе / mostmedia.io

11 чэрвеня з Польшчы дэпартавалі беларуса Дзмітрыя Смактуновіча. Як піша MOST, прычынай стала парушэнне правілаў перабыванне ў ЕС: у Літве Смактуновічу анулявалі від на жыхарства.

Мужчыну 40 гадоў, ён родам з Бабруйска. Ад канца 2019 года ён працаваў кіроўцам-дальнабойнікам у Еўропе, атрымаў часовы ВНЖ у Літве. Пры гэты Смактуновіч перыядычна вяртаўся ў Беларусь, апошні раз быў на радзіме ў 2022 годзе.

У лютым 2023-га беларус перабраўся ў Польшчу, а праз месяц да яго пераехала жонка Наталля з трыма дзецьмі. Амаль год Смактуновіч легальна працаваў у таксі ў Беластоку. А 11 чэрвеня яго спынілі для праверкі дакументаў і высветлілі, што ўлады Літвы анулявалі ягоны ВНЖ. Яго адразу ж вывезлі на памежны пераход у Цярэспаль для дэпартацыі.

"Яму не далі забраць з машыны рэчы, надзелі кайданкі, пасадзілі ў машыну і этапавалі на памежны пераход. Там яму падсунулі дакументы. З польскай у яго не вельмі добра. І ён усё падпісаў", — кажа жонка Наталля.

Мужчыну вывелі ў нейтральную зону і пакінулі на мосце праз раку Буг, якая падзяляе Беларусь і Польшчу. Двойчы ён спрабаваў вярнуцца ў Польшчу, але яго вярталі зноў на нейтральную паласу. Жонка не можа нават адвезці яму цёплую вопратку, бо пакуль не атрымала ВНЖ і не можа пакідаць краіну.

ВНЖ Смактуновіча ў Літве анулявалі, бо ён трапіў у спіс нядобранадзейных грамадзян. Жонка мяркуе, што прычынай была праца Дзмітрыя ў 2003 годзе дзяжурным у папраўчай калоніі. Такім чынам сям'я спадзявалася пабудаваць ільготнае жыллё. Адпрацаваў ён там менш за тры гады, пабудаваць кватэру не атрымалася.

"Калі ён падаваўся ў Літве на ВНЖ, ён паказаў у сваёй біяграфіі такія звесткі — гэта ж было амаль 20 гадоў таму, ён быў малады і толькі прыйшоў з войска. Пару гадоў папрацаваў і звольніўся. І потым усё жыццё займаўся прадпрымальніцтвам, перавозкамі", — расказвае Наталля.

Як піша MOST, падставай для затрымання магло стаць і тое, што мужчына нелегальна перавозіў мігрантаў з Беларусі ў Польшчу. Паводле жонкі, яго затрымлівалі за гэта яшчэ ў красавіку 2023 года. Тады Смактуновіч супрацоўнічаў са следствам, дзякуючы яго дапамозе ўдалося выйсці на іншых удзельнікаў канала перавозкі. Судзімасць была пагашаная.

У сацсетках Смактуновіч актыўна каментаваў падзеі 2020 года. Пасля апошняга ад'езду з Беларусі яму прыйшла позва з ваенкамата. Таксама да яго маці прыходзілі людзі, якія цікавіліся сынам. Потым з ім звязаліся знаёмыя "з органаў" і рэкамендавалі не прыязджаць у Беларусь, бо на яго ёсць нейкія матэрыялы.

Пакуль Смактуновіч знаходзіцца на нейтральнай паласе, кіроўцы аўтобусаў расказалі яму, што на беларускім баку яго чакаюць супрацоўнікі КДБ.

Паведамляецца, што беларусу ўсё ж удалося звязацца з юрыстамі, на памежны пераход даслалі адваката.

Тым часам у чатах з'явіліся звесткі, што Польшча перастала афармляць дакументы праз мужчыну, які знаходзіцца на нейтральнай паласе. Чарга на беларуска-польскай мяжы спынілася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі