З прэзідэнцкага стала: куды перададуць кавуны ды бульбу ад Лукашэнкі

Навіна № 1 панядзелка, акрамя скокнуўшага курса долара, ураджай кавуноў ды бульбы ў Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы разам з сынам ды кампаніяй сабраў нібыта 70 мяхоў бульбы з 18 сотак ды ураджай кавуноў.

Як Лукашэнка з памочнікамі збіраў бульбу і кавуны (фота, відэа).

Увесь ураджай Лукашэнка паабяцаў перадаць у дзіцячыя дамы ды інтэрнаты для састарэлых людзей.

Ураджай кавуноў у 2014 годзе 

У сталічным дзіцячым доме № 3 ўспамінаюць, што летась заказалі па кавуне ад прэзідэнта на кожнага выхаванца.

“У нас спыталі, колькі патрэбна, і самі прывезлі. Кавуны невялікія, сярэднія такія кавуны аказаліся, але смачныя. Наколькі, я ведаю, іх развозілі ў кожны дом для дзяцей-сірот Мінска і ў інтэрнаты для састарэлых людзей. Дзеці ўсё з’елі”, — кажа дырэктар Таіса. Цяпер дзеці на вакацыях, будуць праз тыдзень. Мо тады ж прыедуць кавуны.

У гэтым доме−інтэрнаце цяпер выхоўваецца 58 дзетак-сірот. Калі столькі ж дзяцей у кожным доме−інтэрнаце сталіцы, дык дзе кіраўнік дзяржавы набраў столькі кавуноў, што хапіла на ўсе дзіцячыя дамы Мінска!?

У сталічным дзіцячым доме № 2 пра мінулагодні падарунак ад Лукашэнкі таксама памятаюць.

“Кавуны, як кавуны, дзеці елі. Не вельмі вялікія, але і не дробныя, і даспеўшыя”, — распавядае дырэктарка Дзіцячага дома Валянціна.

Пра падарунак ад прэзідэнта памятаюць і ў доме для дзяцей-сірот № 5. Тут дзяліліся прывезеным ураджаем з Домам-інтэрнатам № 7.

“Але ж яшчэ не ўвесь ураджай сабраны, — заўважае прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант. — Гэта быў толькі ранні гатунак бульбы — “Фрэска”, здаецца, называецца. А яшчэ будуць познія гатункі. Таксама будуць яшчэ збіраць кавуны, бо не ўсе паспелі. Дыня, да прыкладу, ужо гатовая, а кавуны яшчэ будуць збіраць”.

Еўрарадыё: Дык скажыце, а сам прэзідэнт есць бульбу, якую сам жа назбіраў?

Наталля Эйсмант: Вядома, і не толькі бульбу, але і іншую садавіну, якая ў яго расце.

Фота: прэс-служба кіраўніка дзяржавы і БЕЛТА.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі