З выставы суполкі "Пагоня" знялі яшчэ дзве карціны
Юбілейная выстава мастацкай суполкі "Пагоня" працягвае абрастаць скандаламі і забаронамі. Як паведамляла Еўрарадыё, у дзень адкрыцця выставы з яе знялі дзве карціны — Аляксея Марачкіна і Алеся Пушкіна. Абедзве карціны мелі алюзіі на ўкраінскія падзеі.
Паводле інфармацыі Радыё "Свабода", 25 лістапада выстава пазбавілася яшчэ дзвюх карцінаў. Гэта палатно Алеся Цыркунова, прысвечанае Другой сусветнай вайне і ўдзелу беларусаў у баях каля Монтэ-Касіна ў Італіі. А таксама карціна Уладзіміра Крукоўскага пад назвай "Што ж мы за людзі?", прысвечаная гербу "Пагоня" (на фота).
Старшыня суполкі "Пагоня", мастак Генадзь Драздоў кажа, што карціны знялі патаемна, мастакам пра гэта ніхто не паведаміў. Таму цяпер творцы рыхтуюць зварот на імя старшыні Саюзу мастакоў Рыгора Сітніцы, каб высветліць, з якіх прычынаў былі знятыя працы, на чый загад, хто і калі гэта зрабіў.
Фота: svaboda.org