З-за каранавіруса Грузія ўвяла надзвычайнае становішча і прыпыніла палёты
Барацьба з каранавірусам ў Грузіі / Mariam Nikuradze, oc-media.org
Прэзідэнт Грузіі Саломэ Зурабішвілі ўвяла надзвычайнае становішча ў краіне да 21 красавіка з-за сітуацыі з каранавірусам. Урад Грузіі 21 сакавіка прапанаваў прэзідэнту ўвесці на тэрыторыі ўсёй краіны надзвычайнае становішча да 21 красавіка, каб супрацьстаяць пандэміі каранавіруса. Ва ўмовах надзвычайнага становішча ўрад атрымае шэраг дадатковых правоў, паведамляе "Навіны-Грузія".
Пакуль што размова аб каменданцкай гадзіне і строгіх каранцінных мерах на гэтым этапе не ідзе. Будзе забаронена збірацца больш за дзесяць чалавек, у тым ліку і ў крамах. Ўводзяцца абмежаванні на ўсе віды перавозак, акрамя грузавых. Урад цяпер можа арганізаваць "паўсюдную мабілізацыю" работнікаў сферы медыцыны і адукацыі. Парушэнне рэжыму надзвычайнага здарэння пагражае пакараннем у выглядзе штрафу, а за паўторнае парушэнне прадугледжана крымінальная адказнасць тэрмінам да трох гадоў.
Таксама урад Грузіі цалкам спыніў авіязносіны з іншымі краінамі. Улады заявілі, што будуць каардынаваць нацыянальнага авіяперавозчыка Georgian Airways, каб вярнуць дадому грамадзян Грузіі, якія знаходзяцца за мяжой, паведамляе Reuters.
Напярэдадні ўлады Грузіі вырашылі зачыніць усе гандлёвыя аб'екты ў краіне акрамя прадуктовых крам, аптэк і заправак.
На 20 сакавіка ў Грузіі зарэгістравана 43 выпадкі захворвання каранавірусам. Адзін чалавек вылечыўся і быў выпісаны. Праўда ён будзе вымушаны правесці яшчэ два тыдні ў ізаляцыі. Яшчэ больш за 1500 людзей застаюцца ў карантыне.
Раней Грузія закрыла межы і забараніла замежным грамадзянам прыязджаць. У краіне дзейнічае забарона на перамяшчэнне маршрутных таксі. Абмежаваная праца спартыўных залаў і басейнаў. Былі зачыненыя рэстараны, кафэ, бары, начныя клубы. У чацвер армія была перакладзеная на казарменнае становішча.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.