З-за Міхаіла Саакашвілі на ўкраінска-польскай мяжы затрымалі два цягнікі
Міхаіл Саакашвілі не змог трапіць з Польшчы ва Украіну цягнікамі “Укрзалізныці”. Спачатку ён са сваёй групай падтрымкі сеў на цягнік, які адпраўляўся з польскага Пшэмышля ў 14.07, аднак састаў быў спынены. Пасажырам абвясцілі, што ў цягніку знаходзіцца асоба, якой забаронены ўезд ва Украіну, і пакуль яна не пакіне вагон, поезд не рушыць.
Саакашвілі не пакінуў вагон і цягнік пратрымалі паўтары гадзіны, аж да прыбыцця наступнага цягніка ва Украіну, які ішоў у 15.40. Калі стала зразумела, што ён таксама не паедзе, Саакашвілі са сваімі прыхільнікамі прыняў рашэння вяртацца ў пункт пропуску “Кракавец”.
“Я такога падарунка Парашэнку не зраблю, каб не паехаць на ўкраінскую мяжу. Такі план — яны нас прымусілі гэта зрабіць. Мы страцілі час, але не энтузіязм і рашучасць”, — цытуе Саакашвілі Грамадскае.
Дзяржаўная памежная служба Украіны атрымала даручэнне забраць у Саакашвілі яго ўкраінскі ўнутраны і два замежныя пашпарты, як несапраўдныя. Пасля адабрання дакументаў палітык мусіць вярнуцца на тэрыторыю дзяржавы, з якой прыбыў ва Украіну.
Былы прэзідэнт Грузіі і былы кіраўнік Адэскай вобласці Украіны Міхаіл Саакашвілі быў пазбаўлены ўкраінскага грамадзянства ў канцы ліпеня. Цяпер ён спрабуе вярнуцца ў гэтую краіну і аспрэчыць рашэнне ўладаў.