За антываенны надпіс на плоце мінчука асудзілі на тры месяцы арышту

За антываенны надпіс на плоце мінчука асудзілі на тры месяцы арышту

Суддзя Ленінскага раёна Мінска Таццяна Шоцік асудзіла 37-гадовага Івана Карабельнікава на тры месяцы арышту за антываенны надпіс на плоце. Прысуд быў агучаны 5 траўня, перадаюць праваабаронцы. Менавіта такое пакаранне прасіла старшая памочніца пракурора Ленінскага раёна Юлія Даўгала

Мінчука прызналі вінаватым паводле арт. 341 Крымінальнага кодэкса (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). Вядома, што з 21 па 24 сакавіка Карабельнікаў утрымліваўся пад вартай.

1 сакавіка мужчына ў нецвярозым стане напісаў на бетонным плоце чырвонай фарбай "Нет войне". Як сцвярджае абвінавачанне, гэта "істотна знізіла эстэтычныя характарыстыкі бетоннага плота, пацягнула за сабой неабходнасць правядзення прац па афарбоўцы раней пафарбаванага бетоннага плата, прычыніўшы тым самым шкоду "Аўтакамбінату №2" на суму 14 рублёў 59 капеек".

На судзе Карабельнікаў часткова прызнаў віну. Па яго словах, надпіс ён зрабіў пасля прагляду навінаў, каб выказаць сваю пазіцыю, а потым яго затрымалі амапаўцы. Мужчына выказаў меркаванне, што, хаця эстэтычныя характарыстыкі плота знізіліся, ён працягнуў выконваць сваё функцыянальнае прызначэнне.

Карабельнікаў кампенсаваў шкоду яшчэ да суда. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі