“За лістапад атрымалі ў студзені”. Што рабіць, калі затрымліваюць заробак
Будаўнічае прадпрыемства ў Смаргоні “МНК Канстракшн” на паўтара месяца затрымала выплату заробку сваім працаўнікам. Грошы за лістапад людзі атрымалі толькі 18 студзеня. Супрацоўнікі прадпрыемства аб’явілі забастоўку, пакуль з імі не разлічацца. Еўрарадыё высветліла, што здарылася ў Смаргоні, а ў Мінпрацы і прафсаюзах нам распавялі, што рабіць, калі наймальнік затрымлівае заробак.
На смаргонскім прадпрыемстве Еўрарадыё не называюць прычын затрымкі заробку, але запэўнілі, што грошы выплацілі і ніякага страйку не было.
“У пятніцу [18 студзеня. — Еўрарадыё] за лістапад нам выплацілі, — адказалі на прадпрыемстве. — Праблема была, затрымалі на паўтара месяца, але выплацілі. Сёння [21 студзеня. — Еўрарадыё] ўсе выйшлі на працу. Не было забастоўкі: людзі сышлі за свой кошт на 2\3. Нам заплацілі. Усе працуюць”.
У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Еўрарадыё патлумачылі, што рабіць, калі на прадпрыемствах своечасова не выплачваюць заробкі?
“У першую чаргу трэба звяртацца ў тэрытарыяльныя органы Дзяржаўнай інспекцыі працы, — адказала прэс-сакратар Вольга Шцін. — Ёсць Смаргонскі міжраённы аддзел. Пра такія факты трэба інфармаваць”.
Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч раіць працаўнікам ствараць прафсаюзную арганізацыю і не маўчаць пра праблему.
“Заробак павінен выдавацца людзям, — распавёў Еўрарадыё Генадзь Фядыніч. — Нават некаторыя падаткі могуць пачакаць, а заробак павінен быць. Трэба разбірацца ў сітуацыі, размаўляць з наймальнікам: за кошт чаго людзі павінны жыць, калі толькі за лістапад разлічыліся? Праблема яшчэ ў тым, што людзі нікуды не пішуць, не звяртаюцца. Вам вось нейкім чынам паведамілі. Тыя кампаніі, якія сёння не разлічваюцца, павінны быць агучаныя, і з імі ніхто не павінен працаваць. Але перш за ўсё, трэба агучваць, што заробкі затрымліваюцца”.