За падпал машыны начальніка ДАІ беларуса асудзілі на 7 гадоў калоніі
Падпаленая машына начальніка ДАІ / прэс-служба Следчага камітэта
Суд Лагойскага раёна асудзіў мясцовага жыхара на 7 гадоў калоніі. Як паведамляе прэс-служба суда, мужчыну прызналі вінаватым у наўмысным знішчэнні чужой маёмасці, здзейсненым агульнанебяспечным спосабам, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры.
Як распавядала Еўрарадыё, здарэнне адбылося ў студзені. 30-гадовы мужчына вырашыў адпомсціць начальніку ДАІ за тое, што той пазбавіў яго правоў кіроўцы на 5 гадоў. Прычынай такога пакарання стала кіраванне аўтамабілем у нецвярозым выглядзе.
Адзначаецца, што абвінавачаны быў двойчы судзімы.
Спалены аўтамабіль Opel Vectra ацанілі ў 17 885,88 рубля. Суд пастанавіў спагнаць з абвінавачанага кампенсацыю шкоды і 5000 рублёў маральнай шкоды.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.