“За пасылку налічылі 2 капейкі мытнага збору, а заплаціў у 790 разоў больш"

“За пасылку налічылі 2 капейкі мытнага збору, а заплаціў у 790 разоў больш"

У пачатку снежня на Мінскую рэгіянальную мытню мінчуку Аляксандру з “Алі-экспрэс” прыходзіць “дробны пакет міжнародны”. Такія пакупкі праз інтэрнэт Аляксандр робіць даволі часта, таму ведае пра абмежаванне ў 22 еўра — каб пасылка на растаможку не трапляла і пошліну плаціць не давялося.

Што “не зраслося” гэтым разам, няважна. Можа прадавец акругліў “капейкі” ў большы бок, але ў выніку замоўлены тавар крыху “перабраў” па кошце і трапіў на растаможку. Аляксандру налічваюць мытную пошліну — 2 капейкі! Абурэнне ў Аляксандра выклікае не “памылка” прадаўца і не налічаная пошліна.

“За працу па вылічэнні пошліны ў 2 капейкі я павінен заплаціць беларускай мытні 10.41 капейку і 5 рублёў 40 капеек — беларускай пошце за паслугі па пераводзе маіх пошлін мытні. Агулам атрымліваецца, што я мушу за нейкія мясцовыя паслугі заплаціць у 790,5 разоў больш, чым ад пачатку налічаная мытная пошліна!” — абураецца Аляксандр.

Такіх гісторый можна прачытаць даволі шмат у сацыяльных сетках. Да прыкладу, яшчэ аднаму аматару рабіць пакупкі праз “Алі” налічылі 1,5 рубля пошліны, але каб атрымаць доўгачаканы “дробны пакет міжнародны”, давялося заплаціць 17,4 рубля.

Усё вельмі проста, тлумачыць Еўрарадыё прэс-сакратар Мінскай рэгіянальнай мытні Таццяна Ліннік.

“Няважна, адна капейка, 100 альбо 200 рублёў мытная пошліна: у любым выпадку мытны збор трэба будзе заплаціць. Гэта фіксаваная стаўка — 5 еўра”, — кажа Таццяна.

Тое самае і ў выпадку з паслугамі пошты па грашовых пераводах. Няважна, якую суму трэба пошце перавесці ў дадзеным выпадку мытні. У іх таксама стаўка фіксаваная — 5 рублёў 40 капеек.

Вас абурае сітуацыя, калі за капеечную мытную пошліну ў выніку трэба заплаціць даволі значную суму? Вы можаце адмовіцца ад сваёй пасылкі, кажа супрацоўніца мытні, і яе вернуць прадаўцу. Дарэчы, Аляксандр так і зрабіў. Напісаў у адмове, што ён не замаўляў сабе такі дарагі тавар, які абавязкова трапіць на растаможку.

На пытанне, як шмат на Мінскую рэгіянальную мытню прыходзіць пасылак, на якія налічваецца “капеечны” збор, кіраўнік прэс-службы адказу не мае.

Фота Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі