За вызваленне Бяляцкага і палітвязняў сабрана 56 тысяч подпісаў
Алесь Бяляцкі / Еўрарадыё, архіўны здымак
Еўрапейскія праваабаронцы сабралі больш за 56 000 подпісаў з заклікам вызваліць Алеся Бяляцкага і ўсіх беларускіх палітвязняў. Зборам подпісаў займалася нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя Libereco — Partnership for Human Rights, паведамляе ПЦ "Вясна".
Пасля заканчэння збору подпісаў петыцыю плануецца перадаць у беларускую амбасаду ў Берліне.
У ёй згадваецца, што ў Беларусі ўжо больш за 1400 палітвязняў, і Алесь Бяляцкі — адзін з іх. "Усе яны знаходзяцца ў зняволенні выключна за рэалізацыю сваіх правоў на свабоду выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцый", — гаворыцца ў звароце.
Падпісанты заклікаюць неадкладна і безумоўна вызваліць беларускіх палітвязняў, спыніць запалохванне, пераслед і зняволенне мірных дэманстрантаў, актывістаў апазіцыі, праваабаронцаў, студэнтаў і прадстаўнікоў СМІ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.