Захад не пацвярджае ўварванне расійскіх танкаў на тэрыторыю Украіны
Вашынгтон, Берлін і Брусель не маюць цвёрдых доказаў перасячэння ўкраінскай мяжы расійскай ваеннай тэхнікай.
Заяву пра новае ўварванне зрабілі кіеўскія ўлады 7 лістапада. Паводле прадстаўніка Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэя Лысенкі, у раёне прапускнога пункту Ізварына заўважылі 32 расійскія танкі, 16 гаўбіц і 30 КамАЗаў, у тым ліку тры машыны з радыёлакацыйнай тэхнікай.
Тым часам у Дзярждэпартаменце ЗША заяўляюць, што не могуць пацвердзіць гэта паведамленне. Калі ж яно апынецца праўдай, то гэта будзе разглядацца як грубае парушэнне пагадненне аб спыненні агню, сказала прэс-сакратар Дзярждэпу Джэн Псакі.
У штаб-кватэры НАТО ў сваю чаргу пацвярджаюць толькі нядаўняе павелічэнне колькасці расійскіх войскаў і ўзбраенняў уздоўж усходняй мяжы Украіны.
Міністэрства абароны Расіі назвала ўсе гэтыя паведамленні бяздоказнымі. Нягледзячы на шматлікія сведчанні нелегальнай прысутнасці расійскіх вайскоўцаў на ўкраінскай тэрыторыі і іх гібелі ў баях, расійскія ўлады адмаўляюць любы ўдзел у канфлікце ва Украіне. Паводле расійскіх уладаў, там ваююць толькі “добраахвотнікі”, якія ўзялі адпачынак на асноўным месцы службы, перадае ВВС.
Фота: AFP