Заіка: На міжнародным узроўні мы будзем выглядаць смешна
Вядомы эканаміст Леанід Заіка пракаментаваў намаганні па барацьбе кіраўніка дзяржавы з дармаедамі.
Чарговы раз кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падчас працоўнай паездкі ў Магілёўскую вобласць заявіў, што трэба весці актыўную барацьбу з дармаедамі. Іх у Беларусі — паўмільёна.
Пры гэтым дармаедамі нельга лічыць тых, хто працуе за мяжой. Эканаміст Леанід Заіка заўважае, што кіраўнік дзяржавы паўтарае яго каментары, дадзеныя розным выданням. Заіка і раней зазначаў, што нельга лічыць дармаедам тых, хто прывозіць ў краіну валюту, зарабляючы яе на будоўлі ў Маскве ці ў Еўропе.
На думку эканаміста, Лукашэнку падказалі даволі небяспечныя звесткі пра дармаедаў.
Заіка: “Статыстыка беларуская абвяргае Лукашэнку. Нехта з памочнікаў падказаў Лукашэнку небяспечную рэч. Бо згодна са статыстыкай, у нас 25-40 тысяч беспрацоўных. Калі раптам кіраўнік дзяржавы заяўляе пра 400 тысяч, а ў МВФ і ААН мы заяўляем пра 25 тысяч беспрацоўных, узнікае пытанне аб рэальнасці паказчыкаў. Беларусы, скажыце, вы каго падманваеце? Гэта небяспечна, бо кіраўнік краіны ў 25 разоў завышае паказчыкі па беспрацоўі”.
Заіка мяркуе, што з-за такога разыходжання ў звестках Беларусь можа стаць пасмешышчам на міжнароднай арэне.