4 верасня маладыя маці сустрэліся з кіраўніцтвам прадпрыемства. Ім паведамілі, што чакаць “дэкрэтых” выплат у бліжэйшы час не трэба.
Жанчынам прапанавалі шукаць іншую працу ці атрымліваць матэрыяльную дапамогу праз Фонд сацыяльнай абороны.
Дагэтуль “дэкрэтніцы” хаця і нерэгулярна, але атрымлівалі дапамогу на дзяцей са сродкаў “Базіса”.
“Нам выразна далі зразумець, што атрымліваць грошы ў тэрмін мы не будзем, — распавядае Еўрарадыё Ганна, маладая жыхарка Наваполацка. — Сказалі, што тыя, каму “дэкрэта” засталося паўгода і менш, могуць застацца на прадпрыемстве. Але выплаты таксама будуць затрымліваць. А каму засталося больш часу, параілі пераводзіцца ці звальняцца”.
Праўда, як уладкавацца на працу з малым дзіцёнкам на руках у невялікім горадзе, на прадпрыемстве не кажуць.
Атрымліваць дапамогу на дзіця з Фонда сацыяльнай абароны могуць толькі маці-адзіночкі. Да таго ж, на афармленне дакументаў патрэбны час, а затрымка па выплатах хутка складзе два месяцы, дадае Ганна.
Маладыя маці звярталіся са сваёй праблемай у Наваполацкі гарвыканкам і ў Віцебскі аблвыканкам, але дапамагчы ім не змаглі. У бліжэйшы час “дэкрэтніцы” маюць намер напісаць ліст да Аляксандра Лукашэнкі і асабіста прывезці гэты зварот у Мінск.