Замежнік паведаміў, што жыхарка Вілейкі вязе з Афрыкі бомбу
У нацыянальны аэрапорт "Мінск" 8 траўня паступіла тэлефанаванне з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Мужчына, які назваўся грамадзянінам Судана, паведаміў, што 29-гадовая жыхарка Вілейкі збіраецца прывезці з Афрыкі ў Беларусь бомбу.
Як інфармуе сайт kraj.by, праверку па гэтым факце правяла вілейская міліцыя. Высветлілася, што мужчына ўчыніў паклёп з рэўнасці. З каханай жанчынай у яго сапсаваліся адносіны — яна даслала яму фота, на якім была з іншым мужчынам. У адказ суданец паабяцаў беларусцы праблемы. Міліцыянеры праверылі ноўтбук жанчыны, праглядзелі яе перапіску з замежнікам і не знайшлі ніякіх прыкмет таго, што яна рыхтавала тэрарыстычны акт. Пасля падчас відэатэлефанавання суданец прызнаўся, што схлусіў.