Запіс размовы Севярынца і Дашкевіча перадаў на БТ "ананімны крыніца"

Запіс размовы Севярынца і Дашкевіча перадаў на БТ "ананімны крыніца"

У дзеяннях супрацоўнікаў БТ, якія выкарысталі ў сваім фільме тэлефонную "праслушку" размовы Паўла Севярынца і Змітра Дашкевіча, няма прыкметаў злачынства. Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным лісце за подпісам намесніка начальніка УУС Першамайскага раёна Мінска А.Парашчука, які атрымаў Павел Севярынец. 

Тэлефонная размова Севярынца з Дашкевічам адбылася падчас сёлетняй абароны Курапатаў. Кавалкі гэтай размовы былі выкарыстаныя ў фільме "Званок сябру", паказаным па БТ. Асноўнай тэмай фільма былі масавыя "маршы недармаедаў", якія прайшлі на пачатку года. 

Севярынец падаў заяву ў праваахоўныя органы наконт незаконнага запісу яго тэлефоннай размовы. 

У адказе яму намеснік кіраўніка Першамайскага РУУС Мінска паведамляе, што супрацоўнікі БТ атрымалі запіс ад "ананімнага крыніцы" (такая памылка зробленая ў дакуменце). Самі работнікі БТ, па яго словах, не прымалі мераў для атрымання гэтай інфармацыі, таму не парушылі закон. 

Такім чынам, міліцыя не знайшла парушэнняў закону з боку работнікаў тэлевізіі, якія зрабілі і выпусцілі фільм з выкарыстаннем "праслушкі".

"Фокус-покус, глядзіце: ваш тэлефон незаконна праслухалі, запіс ананімна перадалі на БТ і выкарысталі ў паклёпніцкім фільме, але ніякага парушэння закону няма! Сорамна за людзей у пагонах. Дарагія мае, дзе ж ваша юрыдычная адукацыя? Гэта ж не гульня ў напарсткі, а падсудная справа. Калі ж усё законна, давайце разам, усёй краінай паслухаем, пра што там Лукашэнка з Вакульчыкам праз тэлефон гавораць. Можа, якраз і ўстановім тады, хто такі "ананімны крыніца"?" — абураецца Павел Севярынец.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі