Запісаў цікток пра ўчастковага — штраф і 3 месяцы арышту
Міліцыя ў Маларыце
Жыхара Маларыты судзілі праз цікток пра ўчастковага, які не прыехаў на выклік. Відэа набрала ўсяго 10 праглядаў. Але міліцыянт пакрыўдзіўся і напісаў заяву.
Гэтая гісторыя пачалася ў кастрычніку 2022 года. 33-гадовы жыхар Маларыты Юры Шылец выклікаў участковага Цівунова, каб той дапамог разабрацца ў сямейным канфлікце. Той паабяцаў прыехаць, але не з'явіўся. Юры зняў відэа пра тое, што міліцыя "працуе дрэнна".
Міліцыянт палічыў, што мужчына "зневажальна выказаўся" пра яго, і ініцыяваў крымінальную справу. У канцы снежня Юрыя затрымалі. На той момант відэа, апублікаванае ў цікток, набрала 10 праглядаў — гэта вынікае з матэрыялаў справы.
Суд адбыўся ў канцы студзеня 2023 года. Шылец казаў, што ў момант запісу роліка ён быў п'яны і на эмоцыях. Але гэта не выратавала ад пакарання: ён правядзе пад арыштам тры месяцы. Таксама ён павінен заплаціць штраф і 250 рублёў маральнай кампенсацыі на карысць "пацярпелага" міліцыянера.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.