Затрыманы падазраваны ў арганізацыі тэрактаў у Францыі і Бельгіі
У Бельгіі затрыманы падазраваны ў арганізацыі тэрактаў у Парыжы і Бруселі. Гэта — Мухамед Абрыні, інфармуе ВВС. Бельгійская пракуратура пацвердзіла гэтую інфармацыю і адзначыла, што ён не адзіны затрыманы. У СМІ з'явілася інфармацыя, што затрыманых двое, іх знайшлі ў раёне Андэрлехт.
Мяркуецца, што менавіта Мухамед Абрыні быў трэцім чалавекам, які трапіў на камеры відэаназірання разам з смяротнікамі ў брусельскім аэрапорце напярэдадні выбухаў. Ён жа трапіў на камеры відэаназірання ў лістападзе 2015-га ў Парыжы напярэдадні тэрактаў і ад таго часу пачаўся пошук тэрарыста. У французскай сталіцы 13 лістапада загінулі 130 чалавек, некалькі соцень атрымалі раненні. Падчас нядаўніх тэрактаў у Бруселі загінулі 32 чалавекі, каля 250 атрымалі раненні.