Заўзятары мінскага "Дынама" арганізавалі народную дружыну

Фанаты сталічнага футбольнага клуба вылучылі некалькі чалавек, каб яны сачылі за парадкам у дынамаўскім фан-сектары. Па словах прэс-сакратара ФК "Дынама" (Мінск), дамоўленасць з праваахоўнымі органамі наконт таго, што дынамаўцы будуць выстаўляць на трыбуны сваю ахову, ужо існуе: Прэс-сакратар: "На апошнім хатнім матчы заўзятары папрасілі, каб ім дазволілі кантраляваць сітуацыю самім. Каб не міліцыя стаяла, як звычайна, яны вылучылі са сваіх шэрагаў некалькіх сцюардаў, каб тыя сачылі за парадкам, за адсутнасцю банераў з забароненым зместам і іншых недазволеных рэчаў".

Такая актыўнасць дынамаўскіх заўзятараў звязаная з інцыдэнтам, які адбыўся падчас матчу "Дынама" з “Віцебскам” 28 красавіка 2010 года. Тады дынамаўскія "ультрас" вывесілі на трыбунах банер, які ўсхваляў Рудольфа Геса — намесніка Гітлера па нацысцкай партыі.

Па словах прэс-сакратара клуба, астатнія заўзятары асуджаюць гэты ўчынак. Прозвішчы хуліганаў ужо вядомыя. Тое, як іх пакараюць, вырашаюць у Беларускай федэрацыі футболу:

Прэс-сакратар: "Да аплаты штрафу іх прыцягнуць наўрад ці. Адказнасць за заўзятараў і нават за звычайных людзей, якія знаходзяцца на стадыёне, трымае клуб. А гэтыя людзі, хутчэй за ўсё, будуць папросту пазбаўленыя права наведваць футбольныя матчы".

Гэта будзе першы такі прэцэдэнт у беларускім футболе. Праўда, метады яго выканання пакуль няясныя. Магчыма, выкананне "прысуду" — кантроль за тым, каб нацысты з ліку дынамаўскіх заўзятараў не траплялі на трыбуны,— ускладуць менавіта на сцюардаў, якія шмат каго з заўзятараў "Дынама" ведаюць у твар.

Нагадаем, за хуліганскі ўчынак фанатаў "Дынама" (Мінск) мусіць сплаціць штраф каля 82 тысяч долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі