Зборная Беларусі прадэманстравала добры футбол, але прайграла Францыі — 1:2
Зборная Беларусі па футболе з лікам 1:2 прайграла камандзе Францыі ў заключным матчы адборачнага цыклу да чэмпіянату свету 2018 года. Матч адбыўся на парыжскім стадыёне “Стад дэ Франс”. Гаспадары адразу ўзялі мяч пад кантроль, але беларусам удавалася стрымліваць іх атакі. Тым не менш, на 27-й хвіліне Антуан Грызман адкрыў лік, забіўшы Чэрніку паміж ног.
Праз 6 хвілін гол у вароты беларусаў арганізаваў абаронца нашай каманды Станіслаў Драгун. Спачатку, выводзячы мяч ад сваёй штрафной, ён аддаў перадачу на Грызмана, а пасля выбіў яго ў ногі Жыру. У выніку снарад заляцеў у вароты Чэрніка.
Пры ліку 2:0 французы скінулі абароты, у беларусаў пачалі з’яўляцца шанцы. Пад канец першага тайма моцна прабіў Антон Сарока, але мяч праляцеў у лічаных сантыметрах над перакладзінай. Праз некалькі хвілін Сарока ўсё ж забіў, замкнуўшы перадачу ад дэбютанта нашай зборнай Юрыя Кавалёва, і вярнуў інтрыгу ў матчы.
У другім тайме Антон Сарока меў два супер моманты, але забіць не здолеў. Не рэалізавалі свае магчымасці і французы. У выніку лік так і застаўся 2:1 на карысць гаспадароў.
Такім чынам, французы займаюць першае месца ў нашай падгрупе і наўпрост выходзяць у фінальную стадыю чэмпіянату свету, што адбудзецца ў 2018 годзе ў Расіі. А вось беларусы з 5 ачкамі і апошнім, 6-м, месцам паказваюць найгоршы вынік за ўсю гісторыю выступленняў у адборачных турнірах. У зборнай Люксембурга, якая ў паралельным матчы згуляла ўнічыю з Балгарыяй, на адно ачко больш.
Становішча ў групе:
- Францыя — 23 ачкі
- Швецыя — 19
- Галандыя — 19
- Балгарыя — 13
- Люксембург — 6
- Беларусь — 5
Адзначым, што зборная Беларусі пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера Ігара Крывушэнкі прайграла 5 з 6 матчаў з агульным лікам 4-13. Такім вынікам не задаволеныя ў федэрацыі футбола. Яшчэ ў верасні пасля разгрому ад шведаў (0:4) Сяргей Румас заяўляў, што будучыня Крывушэнкі ў падвешаным стане, і шмат, што будзе залежаць у тым ліку і ад выніку матчаў з галандцамі і французамі.