Жаўнерчык, з якім развітаўся БАТЭ, будзе гуляць за мінскае “Дынама” (фота)
Максім Жаўнерчык, з якім развітаўся БАТЭ, будзе гуляць за мінскае “Дынама”. Дынамаўцы аб’явілі пра падпісанне з абаронцам кантракту ў панядзелак. За некалькі гадзін да гэтага барысаўчане паведамілі пра скасаванне з Жаўнерчыкам кантракту “па згодзе бакоў”.
Як інфармавала Еўрарадыё, футбаліст выступаў за БАТЭ з 2015 года, меў стабільнае месца ў асноўным складзе. Усё змянілася пасля інтэрв’ю, якое ён даў па выніках матчу кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў з армянскім “Алашкертам” (кур’ёзная нічыя на “Барысаў-Арэне” — 1:1). Максім Жаўнерчык сказаў, што калі каманда не пройдзе “Алашкерт”, трэба будзе разганяць і футбалістаў, і трэнераў. Кіраўніцтва клуба адрэагавала імгненна. Абаронцу не ўзялі на гасцявы матч, не выходзіў ён ужо і ў наступных паядынках БАТЭ. Неўзабаве Жаўнерчыку паведамілі, што з ім развітваюцца.
Максим Жавнерчик подписал контракт с минским Динамо!https://t.co/bZnBifHQXQ#Динамо90 pic.twitter.com/0vVRYqJ7Pq
— ФК Динамо Минск (@FC_Dinamo_Minsk) 31 июля 2017 г.